Затрыманні каля Мінскага абласнога суда 11 верасня. Скрыншот з відэа Па сабранай Праваабарончым цэнтрам "Вясна" інфармацыі, за тры дні бягучага тыдню па краіне да адміністрацыйнай адказнасці было прынягнута 376 чалавек, затрыманых на акцыях пратэсту ў перыяд з 11 па 13 верасня.

Найбольшая колькасць затрыманняў адбылася ў нядзелю 13 верасня (324 чалавек), а судоў - у аўторак 15 верасня (255 чалавек). Пры гэтым значную частку затрыманых у Мінску пратэстоўцаў этапавалі ў ІЧУ г. Жодзіна.

Усім затрыманым было прад'яўленае абвінавачванне ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў - арт. 23.34 КаАП. Некаторым дадавалі "зверху" непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы пры выканнані ёй сваіх абавязкаў - арт. 23.4 КаАП.

Мы параўналі, як судзілі пратэстоўцаў у Мінску і Жодзіна.

Так, у Мінску па атрыманых звестках за ўказаны перыяд было асуджана 153 чалавек, з якіх трохі больш за палову складалі мужчыны - 53,5%. Найбольшая колькасць судоў адбылася ў панядзелак праз скайп - 99 пасяджэнняў.

Пры гэтым 2/3 затрыманых пакаралі адміністрацыйным арыштам: суды вынеслі агулам 1281 суткі на 106 чалавек. У сярэднім - 12 сутак на чалавека.

Штрафы ў Мінску прызначалі таксама буйныя - 1319 базавых велічынь на 47 чалавек, у сярэднім - 28 базавых (756 рублёў) на чалавека. Агульная сума склала 35 613 беларускіх рублёў (каля 13 750 долараў ЗША).

У Жодзіна суды праходзілі збольшага ў аўторак. Агулам там адбылося 193 судовых пасяджэння, на якіх разглядалі справы 180 мужчын і 13 жанчын.

Пры гэтым найбольшай колькасці затрыманых прызначалі штрафы - 88% ад агульнай колькасці тых, хто апынуўся за кратамі. Некаторых выпускалі з павесткай з'явіцца ў суд пазней. На 170 аштрафаваных чалавек суддзі на выяздных пасяджэнняў непасрэдна ў ІЧУ выпісалі 2019 базавых велічынь -54 513 беларускіх рублёў ці прыблізна 21 000 долараў ЗША. У сярэднім атрымалася - 12 базавых велічынь на чалавека.

Арышты былі прызначаныя толькі 23 чалавекам, агульная колькасць вынесеных сутак - 150, што прыблізна па 6,5 сутак на чалавека.

Такім чынам, можна адзначыць, што судовыя працэсы ў ІЧУ Жодзіна хоць і адбываліся пазней па тэрмінах, але выносілі больш лёгкае пакаранне для затрыманых, чым у Мінску. 

* Аналіз праведзены на падставе інфармацыі, сабранай валанцёрамі з судовых пасяджэнняў і з адкрытых тэлеграм-каналаў дапамогі затрыманым. Не ўсе рашэнні судоў у дачыненні затрыманых сталі вядомыя праваабаронцам. 

Больш інфармацыі ў базе фактаў пераследу

Крыніца: Судовы канвеер: у Мінску пратэстоўцаў каралі больш жорстка, чым этапаваных у ІЧУ Жодзіна