Суд Маладзечанскага раёна 16 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева, удзельнікаў акцыі салідарнасці 19 чэрвеня, на якой маладзечанцы адбілі ў сілавікоў затрыманага. Кадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з АМАПаўцаў апынуўся пісталет. Афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава пракаментавала гэты інцыдэнт:

"Гэта баявы пісталет. Але зброю не выкарыстоўвалі і не збіраліся. Было так: падчас затрымання і валтузні кабура расшпілілася, пісталет выслізнуў з яе, амапавец яго падхапіў і адразу вярнуў назад".

Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту. Санкцыя ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса, па якім абвінавачваюць маладзечанцаў, прадугледжвае абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. У дачыненні да Пяскова і Яўсцягнеева пасля іх трохсутачнага затрымання па гэтай крымінальнай справе былі абраныя меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Крымінальную справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук.

Суддзя Вікторыя Паляшчук. Фота: spring96.org
Суддзя Вікторыя Паляшчук. Фота: spring96.org

Пацярпелымі выступілі супрацоўнікі АМАПа Мінаблвыканкама Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў (камандзір атрада). Яны падалі заяву ў суд, каб іх дапыталі на працэсе па відэасувязі з Мінскага абласнога суда. Прычыны такога рашэння ў судзе агучаны адразу не былі. Пазней абаронца Еўсцягнеева заявіў хадайніцтва, каб амапаўцаў усё ж такі дапыталі асабіста ў судзе: 

"Незразумела, як будзе праводзіцца іх допыт. Чаму робіцца выключэнне менавіта гэтым двум удзельнікам працэсу — незразумела".

Суддзя прыняла рашэнне дапытаць Якавенку і Баранава праз відэа-канферэнцсувязь. Праз хвіліну пацярпелых ўжо падключылі да відэасувязі.

Дзяржаўным абвінаваўцам па гэтай справе выступае Габруковіч.

31-гадовага Паўла Пяскова ўжо аштрафавалі па артыкуле 23.34 КаАП ( за ўдзел у акцыі 19 чэрвеня на 50 базавых велічынь (1 350 рублёў). Суд адбыўся ўжо пасля ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да яго. 

Павел Пяскоў. Фота: spring96.org
Павел Пяскоў. Фота: spring96.org

25-гадовага Уладзіслава Еўсцягнеева таксама асудзілі за ўдзел у акцыі 19 чэрвеня паводле артыкула 23.34 КаАП. Толькі ўжо на адміністрацыйны арышт на 7 сутак, якія ён адбыў адразу пасля трохсуточнага затрымання па крымінальнай справе. 

Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org
Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org

Уладзіслаў Еўсцігнееў прызнаў віну цалкам. Павел Пяскоў прызнаў віну часткова.

У зале суда дапытваюцца пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу. 

"Вясна" працягвае сачыць за судовым працэсам. Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: У Маладзечне пачаўся суд за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет Дапоўнена