Як стала вядома "Вясне", сябра БСДП "Народная Грамада" Андрэя Шыпуліна адправілі адбываць адміністрацыйны арышт, на які яго асудзілі два месяцы таму, са станоўчым тэстам на COVID-19.  За ўдзел у выбарчых пікетах па збору подпісаў на Камароўцы 7 чэрвеня суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў Андрэя Шыпуліна па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (Арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Але на "суткі" яго адразу не адправілі.

Андрэй Шыпулін. Фота:
Андрэй Шыпулін. Фота: "Радыё Свабода"

Як паведаміла "Вясне" жонка Шыпуліна, адбываць адміністрацыйны арышт яго забралі толькі 1 жніўня, амаль праз два месяцы. Але справа ў тым, што, калі яго забіралі адбываць пакаранне ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, ён быў хворы на COVID-19. Аднак супрацоўнікі міліцыі нават і слухаць не хацелі ні яго, ні жонку. Жонка Шыпуліна паказвала ім дакументы аб тым, што ў Андрэя станоўчы тэст на COVID-19, але яго ўсё адно забралі адбываць "суткі". 

Крыніца: Актывіста адправілі адбываць "суткі" са станоўчым тэстам на COVID-19