Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паведамляюць пра распаўсюд агітацыйных паштовак за дзейнага прэзідэнта праз выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу.  Так, Павел Левінаў з Віцебска паведаміў, што сёння знайшоў у сваёй паштовай скрынке паштоўку "За Беларусь". На адваротным баку яе напісаная цытата Лукашэнкі і змешчаны QR-код, які вядзе адрасата на адмысловы сайт "З гонарам у сэрцы". 

Назіральніца Валянціна Болбат з Верхнядзвінску таксама адзначае, што паштоўкі распаўсюджваюцца праз паштальёнаў. 

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч падкрэслівае, што распаўсюд агітацыйных матэрыялаў праз паштовыя скрыні - не забаронены, але выкарыстанне РУП "Белпошта" для гэтых мэтаў - цалкам незаконнае, бо сведчыць пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і бюджэтных сродкаў на карысць аднаго кандыдата і парушае прынцып роўнасці. 

Як пішуць naviny.by, на прадпрыемстве "Белпошта" адмовіліся паведамляць, чаму і на якіх умовах іх супрацоўнікі распаўсюджваюць агітацыйную прадукцыю кандыдата Лукашэнкі, бо гэтыя звесткі "не падлягаюць публічнаму распаўсюджванню, паколькі з'яўляюцца канфідэнцыйнай інфармацыяй".

"Мы працуем згодна з заканадаўствам", - падкрэслілі ў прэс-службе дзяржпрадпрыемства. 

Паштовак у падтрымку Лукашэнкі надрукавалі вельмі шмат - наклад складае 4,7 млн штук.

Агітацыйную прадукцыю друкавалі ў друкарні Беларускага Дома друку. У дзяржаўным выдавецтве адмовіліся паведаміць, колькі каштуе надрукаваць такія паштоўкі.

Паводле ацэнак спецыялістаў, рынкавы кошт ўсёй замовы — улічваючы якасць паперы, паліграфіі і наклад — можа складаць каля 300 тысяч рублёў. Але на такія буйныя заказы цалкам магчымыя зніжкі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Для распаўсюду агітматэрыялаў за Лукашэнку выкарыстоўваюць паштальёнаў