Праваабаронцы «Магілёўскай вясны», якія ўдзельнічаюць у якасці назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», адзначаюць, што датэрміновае галасаванне пачалося з масавага нядопуску назіральнікаў на ўчасткі. Пра гэта піша mspring.online.

Праваабаронца Саша Райкан распавёў, што ва ўчастковай выбарчай камісіі (УВК) №26, якая знаходзіцца ў сярэдняй школе №40, яму пагражалі пазбавіць акрэдытацыі за пытанне назіральнікам:

– Раніцай я з’явіўся ў камісію, каб прасачыць за апячатваннем урнаў. Там ужо былі нейкія людзі, якіх старшыня камісіі Царанкова называла назіральнікамі. Калі апячатванне скончылася, я спытаў прысутных, хто з іх з’яўляецца назіральнікам на ўчастку №26. Рукі падняло два чалавекі. Нават па пастанове ЦВК на «датэрміноўцы» могуць знаходзіцца трое назіральнікаў. Адразу пасля гэтага на мяне навалілася спадарыня Царанкова. Яна заявіла, што я не маю права нічога пытаць і павінен быў спытаць у яе дазволу. Я адказаў, што сам вырашаю, што і ў каго пытацца. Выбарчы кодэкс гарантуе мне, што я, як назіральнік, маю права знаходзіцца на ўчастку столькі, колькі спатрэбіцца для аб’ектыўнага назірання.

Пасля слоўнай сваркі, старшыня камісіі прыгразіла назіральніку, што яго могуць пазбавіць акрэдытацыі. Яна нагадала, што ён зарэгістраваўся толькі 13-ым назіральнікам па ліку, хоць па факце Райкан быў 12-ым. Таксама яна заявіла, што Саша Райкан адмовіўся прытрымлівацца графіку назірання:

– Мне патэлефанавалі ў пятніцу і сказалі, што я магу выбраць дні для назірання на датэрміновым галасаванні. Я адказаў, што ў першую чаргу мне цікавы працэс падліку. На гэта член УВК адказала, што месцаў для назірання ў дзень галасавання не засталося. Я адказаў, што буду прыходзіць і назіраць тады, калі палічу патрэбным. Свае графікі хай пакінуць для сябе.

ПАРАД НЕДАПУШЧЭННЯ

Іншыя кароткатэрміновыя назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» таксама сутыкнуліся з забаронай на назіранне.

Назіральніцы на ўчастку №37 (гімназія №2) старшыня камісіі паведаміў, што на ўчастку ўжо ёсць трое назіральнікаў, таму яе назіраць за выбарамі не пусцяць.

Назіральніка на участках №137 і №138 (абодва – у магілёўскай прафесійным ліцэі №7) дапусцілі да працэсу апячатвання скрыняў, аднак калі пачаўся этап галасавання, старшыня камісіі абвясціла прозвішчы тых назіральнікаў, хто можа застацца (усе прадстаўляюць праўладныя грамадскія арганізацыі). Назіральніка ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» папрасілі выдаліцца. Сам назіральнік заявіў вусную скаргу на рашэнне старшыні камісіі.

А вось на ўчастку №66 (сярэдняя школа №2) назіральніцы нават не дазволілі глядзець за працэсам апячатвання скрыняў – што ўжо казаць пра этап галасавання.

На ўчастку №48 (бібліятэка імя Лермантава) назіральніку кампаніі заявілі, што графіка для назірання за выбарамі няма – проста таму, што ўсе загадзя зарэгістраваныя назіральнікі ад праўладных арганізацыя выказалі жаданне прысутнічаць на ўчастку кожны дзень. Такім чынам, месца для яго яны знайсці не могуць.

Назіральнік кампаніі на участках №100, №101 і №102 (усе – сярэдняя школа №41) распавёў, што яму прапанавалі абмежаваныя гадзіны для назірання:

«На ўчастку №100 прапанавалі паназіраць 1-2 гадзіны. Не больш. Патлумачылі, што і так шмат жадаючых. На 101-ым участку спачатку дазволілі назіраць, потым сказалі, што ўжо ёсць тры назіральніка. На 102-ім адразу сказалі, што ўжо тры назіральніка ёсць. Сказалі, што мне па графіку ёсць толькі дзве змены – сёння і 7 жніўня. На ўсіх трох участках спасылаюцца на цяжкую эпідэміялагічную абстаноўку».

FAKECOVID-19

Аднак спасылка на небяспеку COVID-19 – глупства. ЦВК забараніў назіранне за выбарамі вялікай колькасці чалавек, аднак, чамусьці, пакінуў буфеты і кропкі забавак на выбарчых участках.

Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Барыс Бухель сочыць за ходам галасавання УВК №109 і №110. Паводле яго слоў, далёка не ўсе сябры камісій былі ў масках:

– Спачатку іх нібыта раздавалі, аднак па факце аказалася, што ў масках было некалькі чалавек. Назіральнікі ад іншых кампаній і грамадскіх арганізацый таксама былі без масак. Гэта значыць, нават члены камісіі ставяцца да пагрозы каранавіруснай інфекцыі паблажліва. Відавочна, што для ЦВК COVID-19, – толькі нагода не дапусціць незалежных назіральнікаў на ўчасткі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Выбары – усё. Назіральнікаў у Магілёве масава не дапускаюць на ўчасткі