Прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, прысвечаная назіранню за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі адбудзецца ў сераду, 15 ліпеня ў 11 гадзін.

Канферэнцыя пройдзе ў відэафармаце на адмысловай пляцоўцы Zoom. Каб прыняць удзел неабходна папярэдне даць сваю згоду на электронную пошцу Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. і атрымаць спасылку для ўваходу ў праграму. Zoom таксама можна спампаваць на свой тэлефон.

Канферэнцыя будзе транслявацца на старонцы кампаніі ў фэйсбуку і на старонцы Праваабарончага цэнтра "Вясна".

У канферэнцыі будуць браць удзел каардынатары незалежнай грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” 

Алег Гулак ад РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і

Уладзімір Лабковіч ад Праваабарончага цэнтра “Вясна”.  

Аналітыкі кампаніі за час ад дня абвяшчэння выбараў 8 траўня актыўна назіралі за этапамі рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты, фарміраваннем тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій.

Па выніках назірання былі падрыхтаваныя і апублікаваныя 10 аналітычных справаздач, прынятыя некалькі супольных праваабарончых заяў з патрабаваннямі да ўладаў спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі.

Таксама ад імя ўдзельнікаў кампаніі былі падрыхтаваныя некалькі важных зваротаў да Цэнтральнай выбарчай камісіі з прапановамі, якія тычыліся правядзення прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах эпідэміі COVID-19, павышэння празрыстасці выбарчага працэсу і парадку выручэння ва ўчастковыя камісіі, створаныя пры беларускіх амбасадах за мяжой.

Каардынатары пад час канферэнцыі дадуць сваю ацэнку першым этапам выбарчай кампаніі, грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, якая накладае адбітак на электаральную кампанію і адкажуць на пытанні прадстаўнікоў СМІ ды іншых зацікаўленых асоб.

Запрашаем за ўдзелу ў канферэнцыі!

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую з 2008 года праводзяць РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна», з'яўляецца незалежнай і не ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных дэмакратычных выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні краінай.

Крыніца: “Праваабаронцы за свабодныя выбары” запрашаюць на канферэнцыю па выніках першых этапаў назірання за выбарамі Прэзідэнта