Алена Карагачава. Фота Facebook / Елена Карагачева Праваабарончай супольнасці Беларусі стала вядома, што 1 ліпеня 2020 г. супрацоўнікамі ДФР КДК была затрыманая сябра ініцыятыўнай групы і асабістая памочніца В. Бабарыкі – Алена Карагачава. Паводле атрыманых звестак А. Карагачава абвінавачваецца па ч.2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумы падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры). Яна змешчаная пад варту ў СІЗА КГБ.

Адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты В Бабарыкі Дзмітрый Карака быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 г. разам з Э. Бабарыкам па дарозе ў ТВК для здачы сабраных подпісаў. Ад моманту затрымання Д. Карака знаходзіцца пад вартай у СІЗА КГБ.

Прэзідэнцкая кампанія ад самага пачатку  адбываецца ва ўмовах запалохвання грамадства, пагрозаў і ціску, у тым ліку ў дачыненні да непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі – вылучэнцаў у кандыдаты і сябраў іх ініцыятыўных груп.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, праваабаронцы робяць выснову, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і сябраў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне іх публічнай дзейнасці па вылучэнні В. Бабарыкі ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах.  

Удзел у кіраванні краіны праз працэдуру перыядычных, свабодных і дэмакратычных выбараў з’яўляецца адной са свабодаў, рэалізацыя якой гарантаваная грамадзянам Беларусі, як Канстытуцый, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, падцвярджаючы сваю пазіцыю,  выкладзеную ў заяве аб прызнанні В. Бабарыкі і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы ад 19 чэрвеня 2020 г. заўляем аб прызнанні Алены Карагачавай і Дзмітрыя Карака палітычнымі зняволенымі і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Патрабуем неадкладнага вызвалення Віктара Бабарыкі і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

  Спіс палітычных вязняў.

Крыніца: Патрабуем неадкладнага вызвалення затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы В. Бабарыкі – Алены Карагачавай і Дзмітрыя Карака