У Гродне прайшлі адміністрацыйныя суды над двума фігурантамі "справы Ціханоўскага", а у Лідзе — над удзельнікамі аўтапрабегу салідарнасці. Усіх асудзілі.  30 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе адбыўся працяг адміністрацыйнай справы  Уладзіміра Навуміка і Яўгена Разнічэнкі. Абодва з’яўляюцца фігурантамі крымінальнай “справы Ціханоўскага” і знаходзяцца у СІЗА-1 у Мінску. Але акрамя крымінальнага пераследу за інцыдэнт з Ціханоўскім на двух гарадзенцаў склалі адміністрацыйныя пратаколы. Іх разгляд і прайшоў сёння, 30 чэрвеня.

Гродна

2020-06-30_grodna_sud.jpg
Фота: Гарадзенская Вясна

Судовы працэс у дачыненні да Уладзіміра Навуміка распачаўся яшчэ 29 чэрвеня. Судзяць яго па двух артыкулах КаАП: 17.1 (Хуліганства) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Тады Навумік заявіў хадайніцтва, каб суд запатрабаваў з матэрыялаў крымінальнай справы відэа з яго мабільнага тэлефону, якое можа даказаць яго поўную невінаватасць — тады суддзя Ларыса Барэль вырашыла зрабіць перапынак у разглядзе справы і перанесла яе на сёння, 30 чэрвеня.

Адвакатка Навуміка Яна Шахноўская заявіла хадайніцтва прагледзець і далучыць да матэрыялаў справы тры відэаролікі, дзе бачны паводзіны Уладзіміра Навуміка ў дзень затрымання. Суддзя Ларыса Барэль задаволіла гэтае хадайніцтва і прыступіла к разгляду ўсіх трох відэаматэрыялаў. Пасля гэатага адвакатка звярнула увагу на абсалютную недаказанасць віны Навуміка і папрасіла спыніць вытворчасць па адміністрацыйнай справе: бо раней сведкі з міліцыі Павел Халява і Аляксандр Мацкевіч свярджалі, што Навумік здзяйсняў супрацьпраўныя дзеянні і лаяўся матам, а відэа, як падкрэслівае адвакатка, сведчыць аб адваротным.

Тым не менш суддзя Ларыса Барэль вынесла рашэнне пакараць Уладзіміра Навуміка арыштам: 4 сутак паводле артыкулу 17.1 і 6 сутак паводле артыкулу 23.4 КаАП. Агулам  —   10 сутак арышту.

Перад пачаткам працэсу над Яўгенам Разнічэнкам. Фота: Гарадзенская Вясна
Перад пачаткам працэсу над Яўгенам Разнічэнкам. Фота: Гарадзенская Вясна

 Пасля гэтага Ларыса Барэль распачала разгляд адміністрацыйннай справы па арт. 17.1 КаАП у дачыненні да Яўгена Разнічэнка. Ён удзельнічаў у пасяджэнні праз відэасувязь, прадстаўляць яго інтарэсы прыехала з Менску адвакатка Таццяна Лішанкова. Яна звярнула ўвагу суда на той факт, што рапарт міліцыі на Разнічэнку быў складзены 7 чэрвеня, а апытанне сведак праведзена 6 чэрвеня.

Ларыа Барэль вынесла рашэнне пакараць Разнічэнку на 7 сутак.

Ліда

У Лідзкім раённым судзе прайшлі працэсы над затрыманымі 29 чэрвеня  актывістамі, якія 28-га чэрвеня ўчынілі аўтапрабег у знак салідарнасці з палітзняволенымі. За гэта рашэннем суда Аляксандр Захватовіч, Павал Шыдлоўскі, Эжгар Імбрас і Сяргей Пантус былі пакараныя штрафамі ў памеры 25 базавых велічынь.

2020-06-30_lida-prabeg.jpg
Аўтапрабег у Лідзе

Крыніца: У Гродне асудзілі фігурантаў "справы Ціханоўскага", а у Лідзе — удзельнікаў аўтапрабегу