Як паведамляе Народная воля, другога чэрвеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок пакараў адміністрацыйным штрафам у памеры  5 базавых велічынь (135 рублёў) Дзмітрыя Канеўскага за нібыта актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце сёмага траўня на плошчы Леніна. У той дзень група гамельчукоў з онлайн-супольнасці «Страна для жизни», арганізаванай Сяргеем Ціханоўскім, выйшла ў цэнтр горада, каб выказаць сваю салідарнасць з затрыманым відэаблогерам. Міліцыя затрымала каля двух дзесяткаў чалавек, але позна ўвечары адпусціла, за выключэннем Юрыя Уласава. Яго адвезлі ў ізалятар і праз суд пакаралі 15-суткавым арыштам.

Дзмітрый Канеўскі разам з маці Таццянай Канеўскай. Фота:
Дзмітрый Канеўскі разам з маці Таццянай Канеўскай. Фота: Народная воля

Пасля метадычна сталі выклікаць у Цэнтральны РАУС усіх тых, хто патрапіў у аб’ектыў, каб скласці адміністрацыйныя пратаколы за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Мяне таксама выклікалі ў райаддзел міліцыі да падпалкоўніка Шукеля. Я патлумачыў, што нават не ведаў пра нейкі там пікет ці мітынг. Ехалі з маці ў краму, і яна папрасіла завярнуць на плошчу на некалькі хвілін. Пастаялі крыху і паехалі па сваіх справах. Вось і ўвесь мой «актыўны ўдзел» у несанкцыянаваным пікеце», – распавёў Дзмітрый Канеўскі.

Тое ж самае ён казаў і ў судзе. На відэа, якое дэманстравалася падчас судовага пасяджэння, таксама не бачна «актыўнага ўдзелу» Дзмітрыя ў прад’яўленым абвінавачванні.

«У такім разе, – лічыць 25-гадовы мужчына, – трэба прыцягваць да адказнасці і гарадскіх дворнікаў, што «засвяціліся» на фота ці відэа падчас пікету».

Дзмітрый да гэтага ў масавых мерапрыемствах ніякага ўдзелу не браў. Не хадзіў на пікеты нават тады, калі яго маці, Таццяна Канеўская, вядомая ў горадзе актывістка руху «Маці-328», вылучалася кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

«Гэта я папрасіла сына завярнуць на плошчу, – тлумачыць Таццяна Канеўская. – Дзіма нават не ведаў, што там будзе. Цяпер, пасля ўсіх гэтых выклікаў у міліцыю, у суд, кажа, што зменіць сваё стаўленне да пратэстаў і будзе ўсялякім чынам дапамагаць актывістам. Са свайго боку лічу, што ўсе гэтыя пратаколы, суды, арышты Ціханоўскага і яго паплечнікаў робяцца ўладамі дзеля таго, каб пасеяць страх перад выбарамі, збіць пратэстныя настроі ў грамадстве».

Апроч Канеўскага, за «парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства» (артыкул 23.34 КаАП) аштрафавалі:  Аляксея Раманава – на 10 базавых велічынь (270 рублёў), Валерыя Смяяна – на 12 базавых велічынь (324 рублі), Леаніда Кудзінава – на 15 базавых велічынь (405 рублёў).

На 4 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна прызначаны разгляд адміністрацыйнага пратакола ў дачынні Святланы Нарскінай, таксама за ўдзел у пікеце 7 мая на плошчы Леніна. 10 чэрвеня ў суд выклікаюць Алу Грэчка.

Крыніца: "Пастаяў на плошчы некалькі хвілін". Судовы канвеер у Гомелі