У Беларусі 21 траўня распачаўся чарговы этап выбарчай кампаніі – збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп. Каб вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты сябры ініцыятыўных груп павінны сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Калі ініцыятыўныя групы выбіраюць збор подпісаў шляхам пікетавання, то яны павінны праводзіцца ў незабароненых мясцовымі райвыканкамі месцах. Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня ўключна.

У Мінску пакуль самым масавым днём збору подпісаў стала нядзеля 24 траўня. Днём на пляцоўцы каля Камароўскага рынку збіралася адначасова не менш за 500 чалавек. Самая вялікая чарга выбарчшыкаў – каля 300 чалавек – сабралася ў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Кіраваў ініцыятыўнай групай яе муж – блогер ютуб-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі.

Таксама збіралі подпісы на агульным пікеце за сваё вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты сустаршыня БХД Вольга Кавалькова і актывіст партыі АГП Уладзімір Непомняшчых.

На пікеце былі заўважаны сябры ініцыятыўных груп былога банкіра і кіраўніка “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі і былога кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкала.

Як адзначае назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алег Пашкевіч, акрамя выбаршчыкаў, членаў ініцыятыўных груп, асоб, якія вылучаюцца ў кандыдаты, на пікеце прысутнічалі таксама прадстаўнікі выбарчых камісій, якія адразу правяралі падпісныя лісты і фіксавалі парушэнні. Нагадаем, калі асоба, якая вылучаецца ў кандыдаты альбо сябры яго ініцыятыўнай групы атрымліваюць два папярэджанні, то гэта можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты (артыкул 49 Выбарчага кодэкса).

Мінгарвыканкам, калі вызначаў забароненыя месцы для збору подпісаў, нагадаў сябрам ініцыятыўных груп пра выкананне імі ў мэтах мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і санітарна-эпідэміялагічнай службы горада Мінска.

Назіральнік кампаніі Алег Пашкевіч паглядзеў, як адбываўся збор подпісаў 24 траўня каля Камароўцы. Вось як гэта выглядала.

zbor_podpisau_vybary_2020567.jpg
Сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай - блогер Сяргей Ціханоўскі
zbor_podpisau_vybary_202056.jpg
Журналістка бярэ інтэрв'ю ў Сяргея Ціханоўскага
zbor_podpisau_vybary_20204.jpg
Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова збірае подпісы за сваё вылучэнне кандыдаткай
zbor_podpisau_vybary_202077777.jpg
Агульны пікет за сваё вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай і актывіста партыі АГП Уладзіміра Непомняшчых
zbor_podpisau_vybary_2020n788.jpg
Збор подпісаз адбываўся ў палявых умовах
vybary_890.jpg
Прадстаўніца райвыбаркама правярае падпісны ліст у сябры ініцыятыўнай групы Віктара Барбарыкі

 

zbor_podpisau_vybary_223.jpg
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты былога кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкала
zbor_podpisau_vybary_277.jpg
На пікеце прысутнічаў палітык Мікола Статкевіч

Што рабіць, калі на вучобе або працы просяць "упісацца за кандыдата"?

Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" вядомыя ўжо некалькі выпадкаў, калі кіраўнікі дзяржустаноў прасілі сваіх падначаленых прынесці пашпарты, каб паставіць подпісы за асобу, якая вылучаецца кандыдатам. Як адзначаюць праваабаронцы, у Беларусі выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, калі на дзяржпрадпрыемствах і ў навучальных установах прымушаюць падпісвацца за пэўных кандыдатаў або асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі, з'яўляецца адной з самых вялікіх праблем пры зборы подпісаў. Ці законна гэта і што рабіць у падобнай сітуацыі, распавёў юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

Крыніца: Фотарэпартаж. Як у Мінску збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Фота