Клуб ангельскай мовы Валанцёрскай службы “Вясна” запрашае ў бліжэйшы панядзелак, 18 траўня, на занятак, які будзе прысвечаны Міжнароднаму дню барацьбы з гамафобіяй і трансфобіі (The International Day Against Homophobia and Transphobia). Гэты дзень адзначаецца штогод у памяць аб выключэнні гомасэксуальнасці з Міжнароднай класіфікацыі хваробаў 17 траўня 1990 года.

Спецыяльна запрошаная госця - праваабаронца Наталля Манькоўская з ініцыятывы “Ідэнтычнасць і права”.

Нагадаем, Валанцёрская служба “Вясны” з верасня 2019 года ладзіць заняткі гутарковага клуба ангельскай мовы пра правы чалавека. Звычайна яны праходзілі на адукацыйнай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”.

Але пандемія каронавіруса ўнесла свае карэктывы, і з 23 сакавіка Клуб пераехаў у Zoom. 

Дзень і час заняткаў без зменаў: кожны панядзелак у 19.00. Прызвычайвацца да анлайна і асвойваць функцыі Zoom давялося хутка і ўсім: і ўдзельнікам, і мадэратарам. Ужо прайшло восемь заняткаў, і можна ўпэўнена казаць, што анлайн-фармат дадаў клубу адметных рысаў. 

english_club2.jpg

“Да нас далучыліся людзі з іншых гарадоў Беларусі і нават з іншых краінаў, - адзначае каардынатарка Клуба Наталля Сацункевіч.  - Сярод тэмаў, на якія мы гутарылі: каронавірус і ўплыў пандеміі на правы чалавека; правы журналістаў і свабода слова; дыскрымінацыя па этнічнай прыкмеце; булінг і правы чалавека; актывізм і правы чалавека; экалагічныя правы і права на доступ да інфармацыі; правы працоўных; гуманітарнае права і шмат іншага. Нам дапамагалі эксперткі і актывісткі: Ганна Дусь з  прафсаюза РЭП; наша валанцёрка і магістарка міжнароднага права Наталля Гурко; журналістка Белсата Ксенія Тарасевіч, Марына Дубіна з “Экадома”. Вялікі ўнёсак і нашага валанцёра Аляксандра, яго веды дазваляюць падтрымліваць высокі ўзровень ангельскай мовы на занятках”.

Як паўдзельнічаць у занятках?

Удзел у занятках бясплатны праз Zoom, але па папярэдняй рэгістрацыі.

Што плануецца летам? 

З чэрвеня Клуб сыходзіць у летні адпачынак, але будуць іншыя актыўнасці на ангельскай мове: дыскусіі, дэбаты, гульні, кінапрагляды і г.д. Каб трапіць на іх таксама трэба запоўніць форму.

Як функцыянуе Клуб ангельскай мовы пра правы чалавека

Валанцёрская служба "Вясны" сабрала пытанні і адказы, каб было лягчэй зразумець, ці пасуюць вам заняткі Клуба ангельскай мовы пра правы чалавека.

Крыніца: Клуб ангельскай мовы “Вясны” запрашае на занятак  да Дня барацьбы з гамафобіяй