Затрыманне прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага ў Гомелі. Фота TUT.BY Па дадзеных, якімі Праваабарончы цэнтр “Вясна” валодае  па стане на 13 траўня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня былі затрыманы каля 120 чалавек, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, прыходзілі на сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім ці выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасля затрымання блогера. Міліцыя склала прыкладна такую ж колькасць патаколаў (каля 120) за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (па арт. 23.34 КаАП). Пад пераслед трапілі таксама праваабаронцы і журналісты, якія назіралі ці асвятлялі акцыі.

За апошні тыдзень 50 чалавек асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 25 сутак  (у іх ліку і Сяргей Ціханоўскі, які адбывае арышт, прысджаны яму яшчэ ў студзені). Максімальны тэрмін (25 сутак) атрымаў блогер з Мазыра Аляксандр Цуканаў, якога прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (15 сутак) і ў непавазе да суда (яшчэ 10 сутак). Агульная колькасць атрыманых сутак з 6 па 13 траўня  479.

За акцыі "на суткі" адправілі дзясяткі чалавек. Падтрымай іх паштоўкай салідарнасці

Некалькі дзён запар у розных гарадах краіны працягваецца пераслед грамадзян, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасця ("кармленне галубоў") і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага. Не абышлося і без адміністрацыйных арыштаў. Суды адпраўляюць некаторых "на суткі" за ўдзел у мірных сходах па артыкуле 23.34 КаАП.

Таксама за гэты перыяд 20 чалавек атрымалі штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на агульную суму ў 583 базавыя велічыні (15741 рубель).

Адміністрацыйныя суды прайшлі ў 16 гарадах краіны, сярод якіх Мінск, Віцебск, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Орша, Паставы, Полацк, Наваполацк, Вілейка, Гродна, Ліда, Брэст, Мазыр, Жлобін, Мар’іна Горка. Горадам-“рэкардсменам” па колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў тыдня стаў Магілёў. Там прайшло 17 судоў, 16 з якіх скончыліся вынясеннем арыштаў. У тым ліку ў Магілёве на “суткі” былі асуджаны журналісты Міхаіл Аршынскі, Аляксандр Буракоў і Алесь Асіпцоў.

Бліжэйшыя суды чакаюцца ў Брэсце, дзе ў гэтыя дні склалася практыка затрымліваць актывістаў адразу пасля судоў і весці ў ізалятар да разглядаў наступных адміністрацыйных спраў. У прыватнасці, так здарылася з затрыманымі 10 траўня праваабаронцамі Уладзімірам Вялічкіным і Раманам Кісляком. У той дзень яны маніторылі акцыю супраць завода АКБ, і пасля яе былі затрыманы. Праз двое сутак іх прывезлі ў суд Ленінскага раёна, дзе далі вялікія шрафы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (Вялічкіну – 50 б.в., Кісляку – 30 б.в.), і пасля суда ізноў затрымалі. Па стане на 13 траўня ў ІЧУ ў чаканні новых судоў за ўдзел у берасцейскіх акцыях знаходзяцца разам з праваабаронцамі 7 чалавек.

Таксама суды за ўдзел у рэгіянальных акцыях па “кармленні галубоў” у бліжэйшы час чакаюцца ў Пінску, Вілейцы, Маладзечне.

Акрамя таго, смс-позвы ў суд сталі атрымліваць тыя, хто быў затрыманы каля гандлёвага цэнтру MILE у Мінску 6 траўня. Нагадаем, тады гвалтоўна былі затрыманы 19 чалавек, якія прыехалі на стаянку каля ГЦ, каб азтым паўдзельнічаць у аўтапрабегу ў падрымку Сяргея Ціханоўскага. Усіх даставілі ў РАУСы Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў, склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і позна ўвечары адпусцілі.

Па меркаванні праваабаронцаў, разгляд спраў у РАУС, куды звычайна не могуць трапіць журналісты і назіральнікі, супярэчыць прынцыпу галоснасці і адкрытасці судоў.

Крыніца: Травеньскі тыдзень затрыманняў і арыштаў. Лічбы, факты, геаграфія