Сяргей Пятрухін. Фота: ПЦ "Вясна" Берасцейскага блогера, які вядзе youtube-каналы “Народны рэпарцёр” і “Youtube-дэпутаты”, Сяргея Пятрухіна ўжо другі раз за тыдзень шукаюць супрацоўнікі міліцыі. Яны хочу апытаць яго, але ў межах якой справы – дакладна невядома.

Першы раз – у суботу 4 красавіка ў загарадны дома пад Пінскам, дзе часова знаходзіліся Сяргей Пятрухін і яго паплечнік, блогер Аляксандр Кабанаў, прыязджаў падпалкоўнік Пінскага ГАУС Алег Хрысюк. Як паведамляе “Берасцейская Вясна”, падпалкоўнік хацеў апытаць Сяргея Пятрухіна ў доме, але атрымаў адмову прайсці ў хату. Пятрухін і Кабанаў паспрабавалі высветліць прычыну інтарэсу пінскіх міліцыянтаў да Пятрухіна, але падпалкоўнік паводзіў сябе вельмі стрымана пад відэакамерамі і сказаў, што выклікае позвай, але позву чамусьці яе не ўручыў.

9 красавіка, праз 5 дзён з моманту першага візіту, у дом, дзе знаходзіўся Аляксандр Кабанаў, наведаліся іншыя міліцыянты. Яны таксама шукалі Сяргея Пятрухіна, якога на той момант у доме не было, каб апытаць па матэрыялах праверкі. Але зноў жа не ўдакладнілі, у межах якой справы гэтая праверка вядзецца.

Самі блогеры Кабанаў і Пятрухін мяркуюць, што такая зацікаўленасць пінскіх міліцыянтаў Сяргеем Пятрухіным можа быць звязана з іх апошнім расследваннем. У ім Пятрухін агучыў ліст падпісчыка пра злоўжыванні старшыні Пінскага гарвыканкама Рэбкаўца і прасіў мясцовую міліцыю правесці праверку па агучаных фактах.

Блогер Сяргей Пятрухін некалькі гадоў займаецца расследваннямі злоўжывання ўладай сярод слудбовых асобаў і чыноўнікаў на Берасцейшчыне. Таксама ён актыўны ўдзельнік ппратэстнага руху супраць акумулятарнага завода, за што неаднаразова быў затрыманы і адміністрацыйна асуджаны. У красавіку мінулага году Пятрухіна прызналі вінаватым у “паклёпе” (ч. 2 арт. 188 КК РБ) І “абразе” (ч. 2 арт. 189 КК РБ) прадстаўніка ўлады і пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічыняў.

Крыніца: Блогера Пятрухіна цягам тыдня настойліва шукае міліцыя