Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч на Еўрарадыё Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 31 сакавіка рабочую сустрэчу са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай. У цэнтры ўвагі былі тэмы падрыхтоўкі да маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў, сітуацыя ў эканоміцы і меры па супрацьдзеянні распаўсюджванню вірусных інфекцый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Ёсць шэраг праблем, якія мы павінны абмеркаваць з вамі. Не будзем хаваць, гэта і палітычныя пытанні - год прэзідэнцкіх выбараў. Самая вялікая праблема - гэта эканоміка. Тым не менш, гэтае пытанне нікуды не сыдзе, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Нам трэба не толькі абмяркоўваць, але і планаваць прэзідэнцкія выбары. У нас пакуль няма падстаў пераносіць прэзідэнцкія выбары, як некаторыя тут нам (не тое ворагі, не тое супернікі) падказваюць. Палітычныя пытанні нікуды не сыдуць. Іх трэба абмяркоўваць».

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”  Уладзімір Лабковіч каментуючы словы кіраўніка дзяржавы адзначае, што варта было б праводзіць электаральную кампанію ва ўмовах пандэміі пасля шырокага дыялогу, у тым ліку і з грамадскасцю.

“Шматлікія элементы выбарчай кампаніі – гэта наўпростая рызыка для масавага інфікавання выбарцаў. Вельмі шкада, што нават на фоне пандэміі не прагаворваюцца ўмовы правядзення выбарчай кампаніі”, – лічыць праваабаронца.

Сенняшнія выказванні Лукашэнка на сустрэчы з Качанавай, датычныя маючых адбыцца прэзідэнскіх выбараў, можна разглядаць як тое, што ў самы бліжэйшы час можа быць прызначана дата выбараў. Тым больш, што 2 красавіка пачне сваю вясновую сесію Палата Прадстаўнікоў.

“Замест грамадскага дыялогу з усімі палітычнымі суб’ектамі, якія праводзіць кампанію, а таксама за спрашчэнне выбарчага заканадаўства датычнага некаторых элементаў кампаніі, дзе задзейнічаная вялікая колькасць грамадзян (збор подпісаў, праца выбарчых камісій, агітацыя), улады прапануюць усяму грамадству рызыкнуць, – мяркуе Уладзімір Лабковіч. – Не ўлічваецца, што многія сябры камісій знаходзяцца ў групе рызыкі. Памерці стоячы, канешне, патэтычна, але ці гатовыя на гэта сябры выбарчых камісій  і самі выбаршчыкі?

На думку праваабаронцы, варта было б улічыць таксама досвед некаторых электаральных кампаній, якія зараз праходзілі ў іншых краінах ва ўмовах развіцця пандэміі:

"Так, напрыклад 15 сакавіка прайшлі давыбары па некаторых акругах у парламент Малдовы, дзе яўка склала толькі 23%, а давыбары у Вярхоўную Раду Украіны па адной з  акругаў Харкаўскай вобласці склалі таксама не больш 30%. 15 сакавіка прайшлі выбары мясцовых органаў ўлады ва Францыі, дзе назіралася таксама яўка не больш 45%. Дарэчы, Расея і Арменія адмянілі на нявызначаны тэрмін канстытуцыйныя рэферендумы".

Нагадаем, выбары прэзідэнта Беларусі павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.

Крыніца: Уладзімір Лабковіч: Улады прапануюць усяму грамадству рызыкнуць