Аляксандр Вайцешык Праваабаронцу “Вясны” і юрыста Прафсаюза РЭП з Баранавічаў Аляксандра Вайцешыка чакае суд за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП). З моманту складання пратаколу прайшло амаль тры тыдні, аднак суддзі ніяк не могуць вызначыцца, у якім з судоў яго судзіць.

Чаму праваабаронцу ўвогуле мусяць судзіць?

22 лютага Аляксандр Вайцешык быў затрыманы ў Нясвіжы, калі прыйшоў на сход агракамбіната “Сноў” у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната пенсіянера Вячаслава Сырыцы. Праваабаронца планаваў прадстаўляць інтарэсы Сырыцы, бо на гэтым сходзе вырашалі пытанне выключэння яго з агракамбіната і пазбаўлення звання ганаровага работніка. Аднак дружынікі і міліцыя, якія стаялі на ўваходзе ў залу, не захацелі прапусціць Вайцешыка ўнутр, хоць той і меў пры сабе даверанасць. Канфлікт скончыўся затрыманнем праваабаронцы.

Спачатку Аляксандра Вайцешыка павезлі ў Нясвіжскі РАУС, але аказалася, што ізалятар часовага ўтрымання там на рамонце. Тады міліцыянты хацелі адвесці затрыманага ў Слуцкі ІЧУ – за 80 кіламетраў. Але ў гэты момант праваабаронцу стала кепска, яму выклікалі хуткую і шпіталізавалі пад канвоем у шэсць чалавек. Са шпіталя Вайцешыка выпісалі 25 лютага. Другога сакавіка яго выклікалі ў нясвіжскую міліцыю і склалі пратакол за “дробнае хуліганства”. У ім напісана, што юрыст “спрабаваў трапіць у актавую залу акгракамбіната “Сноў” у Нясвіжы без “запрашальнага мандата”. Акрамя таго, ён нібыта штурхаў дружынніка і замінаў грамадзянам праходзіць у залу на сход.

Што было далей?

Пасля складання пратакола Вайцешык хадайнічаў аб тым, каб адміністрацыйная справа разлядалася не Нясвіжскім раённым судом, а Баранавіцкім – па месцы яго жыхарства, а таксама па месцы жыхарства большасці сведкаў. Яго просьбу задаволілі і накіравалі справу ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. Справа паступіла туды 9 сакавіка, але ўжо праз тры дні баранавіцкі суд накіраваў яе назад у Нясвіж. Аляксандру Вайцешыку ў судзе не патлумачылі падставаў для такога дзіўнага рашэння. Праваабаронца накіраваў скаргі на дзеянні службовых асобаў Баранавіцкага суда на імя старшыні гэтага суда і ў Вярхоўны суд і зараз чакае пісьмовы адказ наконт сітуацыя, якая склалася.

У той жа час 19 сакавіка праваабаронца даведаўся, што зараз яго справа знаходзіцца ўвогуле ў Брэсцкім абласным судзе. Хутчэй за ўсё яе часова запатрабавалі туды, каб даць адказ на скаргу Вайцешыка і вырашыць канчаткова, дзе ж у рэшце рэшт яго судзіць.

Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Крыніца: Суддзі не могуць вызначыцца, у якім судзе судзіць праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка