Максім Вінярскі пасля арышту. Фота: "Новы Час". Ужо некалькі дзён каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максім Вінярскі пазбаўлены ўсіх сродкаў сувязі. Рашэнне аб блакаванні тэлефонаў і інтэрнэту было прынята судовым выканаўцам аддзела прымусовага выканання Маскоўскага раёна Юліяй Пацковой з-за непагашаных штрафаў за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці, паведамляе сайт грамадзянскай кампаніі.

Актывіст расцэньвае гэтыя дзеянні, як рабаванне на дзяржаўным узроўні.

- Мне прыйшло паведамленне ад аператара МТС пра тое, што мой нумар блакуецца, а з балансу спісваюцца сродкі, - распавёў Максім Вінярскі. - На наступны дзень аналагічнае паведамленне прыйшло і ад аператара Лайф. Судовы выканаўца таксама папярэдзіла аб тым, што ў бліжэйшы час да мяне прыйдуць апісваць маёмасць. Гэта верх цынізму - блакаваць сувязь зараз, калі з-за пандэміі каранавірусу няма магчымасці рэгулярна бачыцца з сваякамі. Я нават не магу замовіць дастаўку прадуктаў для сваёй мамы, - заяўляе Вінярскі.

 Штрафы вынесеныя за тое, што я карыстаўся сваімі канстытуцыйнымі правамі, таму законнымі дзеянні рабаўнікоў з апісання і тлума я не лічу. У мяне на дадзены момант няма магчымасці пагасіць іх. Я ўжо не ўпершыню сутыкаюся з такой сітуацыяй, думаю, рашэнне мы знойдзем. Разлічваю на салідарнасць і падтрымку беларусаў.

Крыніца: Максіму Вінярскаму заблакавалі сувязь, збіраюцца апісваць маёмасць