Пракуратура Першамайскага раёна г. Мінска. Фота з сайта ctv.by Ягор М. на працягу ўжо двух месяцаў не можа дамагчыся судовай праверкі законнасці яго затрымання ў Палацы воднага спорту ў Мінску па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужка.

Нагадаем, яшчэ 19 снежня мужчына падаў скаргу на сваё затрыманне ў суд Першамайскага раёна г. Мінска праз РУУС гэтага ж раёна ў парадку артыкулаў 143 і 144 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Аднак толькі 3 студзеня Ягору М. у судзе паведамілі, што яго скаргу вярнулі назад у Першамайскі РУУС для ліквідацыі недахопаў "у сувязі з тым, што адказная службовая асоба не перадала разам са скаргай усе матэрыялы крымінальнай справы".

Пры гэтым у ч. 3 арт. 143 КПК дакладна вызначаныя тэрміны перадачы скаргі ў суд:

"Орган, які вядзе крымінальны працэс, абавязаны ў дачыненнi да затрыманага на працягу 24 гадзін з моманту атрымання скаргі накіраваць яе ў суд з даданнем матэрыялаў крымінальнай справы, якія пацвярджаюць законнасць і абгрунтаванасць затрымання".

Да гэтага часу судовая праверка законнасці і абгрунтаванасці прымянення затрымання да Ягора М. праведзеная не была.

Тры тыдні замест 24 гадзін: як РУУС зацягвае судовую праверку законнасці затрымання

Раней Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавядаў гісторыю Ягора М., якога 15 снежня 2019 года затрымалі па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужка ў Палацы воднага спорту і больш за 13 гадзінаў пратрымалі ў камеры РУУС Першамайскага раёна без ежы і цёплых рэчаў.

31 студзеня 2020 г. мужчына паўторна накіраваў скаргу на затрыманне ў суд Першамайскага раёна. А ўжо 10 лютага 2020 г. з аддзялення Следчага камітэта Першамайскага раёна г. Мінска паведамілі, што "у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 143 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса скаргі на затрыманне падаюцца ў суд асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Зыходзячы з вышэй сказанага падстаў для накіравання раённым следчым падраздзяленнем звароту ў суд Першамайскага раёна г.Мінска няма".

Ягор М. з такім адказам Першамайскага СК не згодны, лічыць яго незаконным і неабгрунтаваным.

"На працягу двух месяцаў я беспаспяхова спрабую рэалізаваць сваё права на судовую праверку законнасці свайго затрымання. Але спачатку Першамайскі РУУС не прыклаў да маёй скарзе матэрыялы, якія пацвярджаюць законнасць і абгрунтаванасць майго затрымання, а зараз і Першамайскі РАСК вузка трактуе пералік асобаў, якія маюць права на судовую праверку законнасці затрымання".

Мужчына падкрэслівае, што ён абскардзіў канкрэтнае дзеянне органа крымінальнага пераследу – затрыманне на 17 гадзінаў, а не прымяненне да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ці іншых дзеянняў органа крымінальнага пераследу.

"Дзеяннямі органа крымінальнага пераследу былі закранутыя мае правы: права на свабоду і асабістую недатыкальнасць; права на абарону; права на павагу асабістай годнасці; права на гуманнае абыходжанне; права на прымальныя ўмовы ўтрымання пад вартай", – упэўнены Ягор М.

Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка адзначае, што адказ Першамайскага СК аб адмове ў накіраванні скаргі на затрыманне ў суд Першамайскага раёна з'яўляецца парушэннем канстытуцыйна-прававой гарантыі на судовую абарону ад замахаў органа крымінальнага пераследу на свабоду і асабістую недатыкальнасць чалавека:

"Згодна з палажэннямі часткі 2 артыкула 25 Канстытуцыі асоба мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання. Па сэнсу артыкула 60 Канстытуцыі чалавек мае права на судовую абарону ад неправамерных дзеянняў органа крымінальнага пераследу. Канстытуцыйны суд неаднаразова (заключэнне ад  13.05.1999; рашэнне ад 03.04.2001) выказваўся аб тым, што права на судовую абарону не падлягае ніякім абмежаванням. Таму ўсе перашкоды, якія Першамайскае РУУС і Першамайскае РАСК ствараюць у праверцы судом законнасці затрымання, з'яўляюцца абсалютна незаконнымі".

Цяпер Ягор М. накіраваў скаргу ў пракуратуру Першамайскага раёна, якую просіць правесці праверку выкладзеных фактаў аб неправамернасці дзеянняў СК ў перашкодзе рэалізацыі права на судовую праверку законнасці яго затрымання, прызнаць яго скаргу абгрунтаванай і задаволіць яе ў поўным аб'ёме.

Мінчанін спадзяецца, што пракуратура горада адрэагуе на незаконнасць яго затрымання

Ягор М., якога падазравалі ў крадзяжы залатога ланцужка дырэктара ААТ «Агат - сістэмы кіравання» Генадзя Казакова ў сталічным Палацы воднага спорту, атрымаў чарговую адпіску на свае скаргі аб незаконнасці затрымання. На гэты раз з Упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску.

Крыніца: СК вузка трактуе пералік асобаў, якія маюць права на судовую праверку законнасці затрымання