26 лютага прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці сустрэліся з дэпутацкай группай Еўрапарламента – намесніцай главы дэлегацыі Еўрапарламента па сувязі з Беларуссю Карын Карлсбро (Швецыя) і пастаянным дакладчыкам Еўрапарламента па Беларусі Пятрасам Аўштрявічусам (Літва). Удзел у сустрэчы бралі праваабронцы з Беларускага Хельсінкскага камітэта, БАЖ, Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, прафсаюза РЭП, Офіса пра правах людей з інваліднасцю. Праваабарончы цэнтр “Вясна” прадстаўляў Валянцін Стэфановіч.

Ён распачынаў сустрэчу і прадставіў агульную карціну апошняй сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На думку праваабаронцы, беларусы пражываюць цяпер адносна драматычныя часы, якія распачаліся з працэсамі паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. Валянцін Стэфановіч давёў да ведама еўрапарламентарыяў сітуацыю з адміністрацыйным пераследам удзельнікаў мірных сходаў, які праваабаронцы назіраюць некалькі месяцаў. За гэты час больш за 100 чалавек было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.

“У дадзенай сітуацыі мы лічым вельмі важна прадэманстраваць падтрымку суверынітэту і незалежнасці Беларусі, таму што ўзмацненне ролі Расіі і яе прысутнасці тут будзе азначаць пагаршэнне сітуацыі і з правамі чалавека”, – сказаў праваабаронца.

Асобна Валянцін Стэфанговіч спыніўся на новых палітычных зняволеных: беларускія праваабаронцы прызналі анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітвязнямі ў звязку з відавочна непрапарцыйным і жорскім прысудам у дачыненні да іх, патрабуюць перагляду іх крымінальнай справы і адмены прысуду, і спадзяюцца, што падчас разгляду апеляцыйнай скаргі Мінскі гарадскі суд прыслухаецца да патрабаванняў праваабаронцаў.

Таксама Валянцін Стэфановіч спыніўся і на праблематыцы смяротнага пакарання, бо літаральна зараз падчас візіту дэлегацыі Еўрапарламента пракурор у Мінскім абласным судзе на выяздным паседжанні ў Слуцку запатрабаваў смяротнае пакаранне для аднаго з фігурантаў крымінальнай справы.

“Калі смяротнае пакаранне будзе вынесенае, то гэта будзе трэці прысуд у гэтым годзе. На сённяшні дзень у Беларусі чатыры чалавекі асуджаныя да смяротнага пакарання, у двух выпадках прысуды ўжо ўступілі ў законную сілу”, – падкрэсліў ён.

Акрамя таго, праваабронца адзначыў, што ніякіх зменаў у выбарчым заканадаўстве не прадбачыцца, і хутчэй за ўсё прэзідэнцкія выбары ў гэтым годзе пройдуць па звычайным сцэнары. Аднак, для праваабаронцаў вельмі важны фон, на якім гэтыя выбары будуць адбывацца:

“Ніякія палітычныя рэпрэсіі і з’яўленне новых палітычных зняволеных – для нас непрымальныя, і гэта ўлады павінны разумець і ведаць”.

На прыканцы прамовы Валянцін Стэфановіч адзначыў, што ніякіх пазітыўных зменаў у вобласці правоў чалавека, на жаль, няма.

Іншыя правабаронцы выступілі па тых накірунках, па якіх яны непасрэдна працуюць.

Цікава, што дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла сустрэчу з беларускімі дэпутатамі за 15 хвілінаў да плануемага пачатку. 

Крыніца: Дэлегацыя Еўрапарламента сустрэлася з беларускімі праваабаронцамі