СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску                                                                   Толькі падрэзаны скрыдлы свабодные.

                                                                  Моцна пільнуюць мяне –

                                                                  Дзьверы акутые, сьцены халодные,

                                                                  Краты з жалеза ў вакне.

                                                                                                 Якуб Колас.  З турмы 

Уваход у турму – у арачным праезьдзе пад двухпавярховым старым будынкам, у які ў свой час уяжджалі вазамі і вазкамі. Ён зачынены вялікай брамай. У браме – дзьверы-форткі звычайнага памеру для ўваходу людзей. У сярэдзіне ў праезьдзе – налева і направа – бакавыя дзьверы, якія вядуць ў прыбрамны будынак. За брамай арка перагароджана кратамі на ўвесь праём, якія ўтвараюць так званы “шлюз”,  і яшчэ адная вялікая брама на выхадзе з аркі.

У сярэдзіне – уваходныя брамы на Валадарку
У сярэдзіне – уваходныя брамы на Валадарку

Мы зайшлі ў правыя дзьверы, затым з калідору, па абодва бакі якога бачны шэраг дзьвярэй, у першы кабінет налева. Мяне здалі-прынялі, і адразу пачалася адладжаная мітусьня па афармленьні. У наступным пакоі ў спецыяльную турэмную картку запісалі мае дадзеныя, яшчэ ў наступным – сфатаграфавалі ў фас і ў профіль.

Адразу прыгадаў я здымачкі беларускіх пісьменьнікаў, арыштаваных па справе Саюзу вызваленьня Беларусі ў 30-м годзе, якія бачыў у тоўстых кэгэбэшных тамах крымінальнай справы ў сярэдзіне 90-х. Маленькія, як марачкі, у фас і ў профіль, карава падпісаныя па-руску. Узгадаў я іхнія стомленыя, нявыгаленыя, змучаныя твары. Вось цяпер і я далучыўся да іхняй кагорты. Мо гадоў праз трыццаць нехта дастане маю турэмную картку з архіву і будзе няўцямна разглядаць гэтыя фотачкі, спрабуючы зразумець, а пра што ж ён тады думаў, гэты Алесь. Пра што ж можна было думаць, калі яшчэ як гадзіну таму я быў па другі бок турэмных муроў.

Затым у мяне адкаталі пальчыкі. Працэдура добра знаёмая мне яшчэ з ранейшых затрыманьняў за ўдзел у мітынгах і пікетах. Мабыць у добрай палове раённых РАУСаў Менску ў канцы 90-х і напачатку 2000-х  былі ўзятыя ў мяне адбіткі. “Граў я на піяніна” і ў Цэнтральным, і ў Савецкім, і ў Першамайскім, і ў Партызанскім, і ў Заводзскім РУУСах, і некалькі разоў таксама ў ЦЫПе на Акрэсьціна. Усё было. Пазьней, калі пасьля тэрактаў, міліцыя вырашыла зьняць адбіткі пальцаў ва ўсіх вайсковаабавязаных у краіне, і ўчастковы міліцыянт прыходзіў з гэтае нагоды да мяне дадому, дык я яму так пра гэта і сказаў: паўсюль ёсьць, адчапіся. Але тут, у турме, іх яшчэ не было, тут свае парадкі.

Па пояс голыя мы заходзім да доктаркі, прыгожай маладой жанчыны, з доўгімі выбеленымі валасамі, з выразам непрыхаванага суму на белым тварыку. У яе далікатная скура і ўмела размаляваныя вусны. Блакітнавокая дзіва пры браме ў пекла. У яе поглядзе не было ні цікаўнасьці, ні агідлівасьці, быў толькі раўнадушны спакой. Яна паглядала стомленымі вачамі на чародку зэкаў, як на статак бараноў.

– Скаргі на здароўе ёсьць? – адчуджана і звыкла запыталася яна, думаючы пра штосьці сваё.

– Не,– адказаў я.

– Скура чыстая? Захворваньняў няма? – наступнае пытаньне.

– Не, – коратка адказваю я.

Убачыўшы мае татуіроўкі, доктарка на момант прачнулася, іскрынкі цікаўнасьці зьявіліся ў ейных вачах.

“Прыгожыя”, – сказала яна, а потым ізноў упала ў млявае раўнадушша.

Затым сястрычка, дзябёлая цётка, узяла ў мяне аналіз крыві пяром з пальца і шпрыцам з жылы, рабіла гэты без пальчатак, голымі рукамі. Хоць і працірала пальцы нейкім растворам, але мне гэта не зусім спадабалася: тут табе і СНІД, і гепатыт падхапіць можна, тут жа ж і наркаманы, мабыць, і ўсе.

"Першы і апошні раз так пагадзіўся", – падумаў я.

Затым зрабілі флюараграфію, якую я на волі не рабіў ужо гады тры, і завялі ў камеру, якая знаходзілася тут жа, у прыёмным калідоры. Камера была нежылой. У два ярусы стаялі звараныя паміж сабой пустыя ложкі. Замест матрацаў – шырокія жалезныя палосы. У куце разьмяшчалася аж чорная ад бруду прыбіральня, над якой тырчаў кран-зьліў з вадой. Там ужо было некалькі арыштаваных, іх заводзілі яшчэ і яшчэ. Трэба было чакаць пакуль адміністрацыя не разьмяркуе нас па розных "хатах". Мы сядзелі на голых жалезных нарах, прытуліўшыся да білаў, натапырыўшыся, як вераб’і, і пакорліва чакалі свайго лёсу.

Праз пару гадзінаў мяне і яшчэ некалькі чалавек выклікаў кантралёр, турэмная машына запрацавала далей. Нас вывелі ў турэмны дворык і павялі па сьцежцы налева, да адносна новага будынку, складзенага з селікатнай белай цэглы ўжо мабыць у 70-я гады. Мы зайшлі ў калідор і спусьціліся ў лёхі з паўкруглым скляпеньнем, якія, відаць, заставаліся яшчэ ад старога Пішчалаўскага замку. Нежылыя ўжо камеры чарнелі праёмамі паабапал гэтага скляпеньня. Мы прайшлі ў самы канец. Там за адчыненымі дзьвярыма знаходзіўся рэчавы склад. За столікам сядзела кладаўшчыца – цётка ў куфайцы гадоў пяцідзесяці. Такая звычайная кладаўшчыца, якія сустракаюцца ці не на кожным складзе. Яна выдала нам просьціны, наўлічкі, падушкі, матрацы, алюміневыя бяз ручак кубкі, запісала выдадзенае ў гросбух. Калі адзін з затрыманых пачаў прасіць матрац патаўсьцей і панавей, яна перайшла з спакойнай дзелавітай размовы на гучную феню і віртуозна дадала яшчэ пару мацюгоў, і ён замоўк. Зьдзівіўся і я. Адразу відаць, што чалавек тут ужо ня першы год працуе, навучылася з зэкамі па-свойску размаўляць. 

Затым мы вярнуліся па лёхах назад і пачалі ўздымацца па лесьвіцы корпусу. Жалезныя прыступкі, пралёты паміж лесьвіцай забраныя жалезнай сеткай.  

blog_bialiackaga_6.2.jpg
Лесьвічны пралёт у новым корпусе на Валадарцы

На другім  паверсе мы спыніліся, кантралёр бразгануў ключом у дзьверы, яны адчыняліся і кагосьці са зьняволеных запусьцілі за іх ў калідор на паверсе. Дзьверы зачыняліся. Астатніх узьнялі на трэці паверх. Ізноў бразгат ключа, дзьверы адчыніліся.

"Направа, – скамандавалі мне, – да сьцяны!"

Я стаў тварам да сьцяны, з кешарам у адной руцэ і матрацам з бялізнай у другой, новенькі такі, як пяць бліскучых капеек, бедачына, пачакаў, пакуль мяне здалі-прынялі, запісалі ў нейкі свой калідорны фармуляр, затым дзьверы з лесьвіцы зачыніліся. Прагучала чарговая каманда калідорнага дзяжурнага: “Праходзім!” 

Па асьветленым лямпачкамі калідоры бяз вокнаў, з гідкім смуродам квашанай варанай капусты, нас павялі паўз шэраг камерных дзьвярэй. У некаторыя зь іх запускалі новых, і мы ішлі далей. Урэшце мяне падвялі да адной зь іх пад нумарам 22. Кантралёр дастаў вялікі ключ, павярнуў яго ў замку, адчыніў дзьверы, кіўнуў: заходзь. І я зайшоў. За сьпінай ляснулі дзьверы, клацнуў замок, пачыналася новае турэмнае жыцьцё.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: V. ДЭПАРТАМЕНТ ФІНАНСАВЫХ РАЗСЬЛЕДВАНЬНЯЎ

Назаўтра зранку мяне ізноў павезьлі ва ўправу ДФР на вуліцу Петруся Броўкі. Напачатку следчай Касынкінай не было, а быў мужчына, сярэдніх гадоў, які прадставіўся, сказаў, што ён таксама ўваходзіць у групу сьледчых па гэтай справе. Паводзіў ён сябе зусім па-іншаму за Касынкіну.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Крыніца: Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: VI. ВАЛАДАРКА