У суботу, 15 лютага, грамадскі цэнтр «Кола» ў Магілёве прыняў уводны курс па правах чалавека “Тэрыторыя правоў" ад Беларускай праваабарончай школы (БПШ), паведамляе mspring.online.

БПШ – адукацыйна-асветніцкая ініцыятыва цэлага шэрагу праваабарончых арганізацый з Беларусі, закліканая распавядаць як мага большай колькасці беларусаў і беларусак пра каштоўнасць правоў чалавека. Каманда «Беларускай праваабарончай школы» ладзіць мноства кароткатэрміновых і доўгатэрміновых праграм, сустрэч і ініцыятыў. Усе іх аб’ядноўвае адно – павага чалавечай годнасці і падыход, заснаваны на правах чалавека.

У рамках ўступнага курса «Тэрыторыя правоў» ў Магілёў прыехаў каардынатар праграм «БПШ» Андрэй Палуда і са-каардынатар Дар’я Рублеўская.

На курс зарэгістравалася каля тузіна ўдзельнікаў. Разам з лектарамі яны разбіраліся, як з’явіліся правы чалавека, якія сучасныя выклікі сёння паўстаюць перад чалавецтвам і як зрабіць так, каб чалавечая годнасць была ў цэнтры ўвагі розных сацыяльных інстытутаў.

Акрамя таго, вялікі ўпор быў зроблены на тымбілдынг і практычныя заданні – па логіцы арганізатараў «Тэрыторыі правоў», людзі, якім цікавая тэма правоў чалавека, могуць аб’ядноўвацца ў кам’юніці для далейшага навучання і вырашэння лакальных праваабарончых задач.

Магілёў стаў першым горадам, дзе прайшоў гэты праваабарончы курс. На чарзе – іншыя гарады Беларусі.

Як праходзіла “Тэрыторыя правоў” – у фотарэпартажы «Беларускай праваабарончай школы»: 

 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Крыніца: У Магілёве прайшоў першы ўводны курс па правах чалавека ад БПШ. Як гэта было? Фота