Журналіст Зміцер Лупач. На журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача міліцыянты склалі чарговы пратакол. Гэтым разам адміністрацыйны пераслед распачаў Шаркаўшчынскі РАУС, паведамляе служба маніторынгу «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Журналіста ў Глыбокім наведаў старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Шаркаўшчынскага РАУС Андрэй Курэц і склаў на яго пратакол за парушэнне заканадаўства аб СМІ паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»).

Падставай для адміністрацыйнай справы стаў сюжэт на тэлеканале «Белсат» пра дзіцячую пляцоўку ў гарадзкім пасёлку Шаркаўшчына.

Зміцер Лупач не лічыць сябе вінаватым і зьвяртае ўвагу, што ён не вырабляе прадукцыю СМІ. Чарговы пратакол журналіст лічыць перасьледам з боку ўладаў за прафэсійную дзейнасьць.

Нагадаем, сёлета ў Змітра Лупача гэта трэцяя па ліку адміністрацыйная справа паводле арт. 22.9 КаАП. 10 студзеня судзьдзя Пастаўскага раённага суду Натальля Максімовіч пакарала журналіста штрафам за супрацу з тэлеканалам «Белсат». А 27 студзеня суддзя Глыбоцкага суду Станіслаў Трапук вярнуў справу ў міліцыю на дапрацоўку.

Крыніца: На журналіста Змітра Лупача склалі яшчэ адзін пратакол за парушэнне заканадаўства аб СМІ