Наталля Спірыдонава і Алесь Круткін на судзе. Фота Зміцера Казлова (Шэры кот) Раніцай 13 лютага ў судзе Першамайскага раёну Віцебску працягнуўся разгляд справы, распачатай у дачыненні да полацкага блогера Алеся Круткіна і віцебскай актывісткі Натальлі Спірыдонава за размяшчэнне ўлёткі «Калгаснай дыктатуры Баста!» на будынку віцебскага ДБК. Суддзя Алена Протас аштрафавала кожнага з актывістаў на 50 базавых велічынь, піша "Віцебская Вясна".

Працэс над Круткіным і Спірыдонавай пачаўся ў судзе Першамайскага раёну яшчэ 12 лютага – амаль адразу пасля заканчэння пасяджэння ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебску, дзе актывістаў судзілі за такую ж налепку, але размешчаную на будынку абласной пракуратуры. Нагадаем, суддзя Ілля Белавус прызнаў актывістаў вінаватымі ў правядзенні несанкцыянаванага пікетаваньня (арт. 23.34) і пакараў Спірыдонаву штрафам (30 б.в.), а Круткіна – 15 суткамі арышту.

У суд Першамайскага раёну Круткіна прывезлі з віцебскага ізалятара часовага ўтрыманьня.

Пасяджэнне 13 лютага доўжылася не больш за 10 хвілін. З пратакола, агучанага суддзёй, вынікала, што Наталля Спірыдонава «публічна выказала свае грамадcка-палітычная погляды, павесіўшы на будынак плакат, які адлюстроўвае грамадcка-палітычныя інтарэсы».

Суддзя заявіла, што ў матэрыялах справы маецца інфармацыя пра тое, што заяваў на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у гэтым месцы і ў дадзены час у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы не паступала.

Характэрна, што ў міліцэйскіх пратаколах гаворка вялася толькі пра Спірыдонаву. Пра тое, ці клеіў улётку Круткін, ані слова. З паказанняў сведкі-міліцыянта вынікала толькі тое, што мужчына, падобны да Круткіна, «стаяў з тэлефонам». Гэта было бачна і на відэазапісы, якая дэманстравалася ў першы дзень пасяджэння. На гэта звярнула ўвагу і адвакатка Круткіна. Яшчэ яна заявіла, што невялікую налепку нельга разглядаць як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і прасіла спыніць адміністрацыйную справу.

Суддзя Алена Протас выслухала пярэчанні і вынесла рашэнне аштрафаваць Алеся Круткіна і Наталлю Спірыдонаву на 50 базавых велічынь кожнага (2700 рублёў на дваіх).

Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Крыніца: Скончыўся другі працэс за расклейку налепак: Круткіну і Спірыдонавай – штрафы