Валанцёрская служба "Вясны" запрашае ўсіх ахвочых далучыцца да вебінару па свабодзе мірных сходаў, які пройдзе 26 студзеня ў 12 гадзін.

Актывісткі і актывісты Службы назіраюць за мірнымі сходамі ў Беларусі і за мяжой з 2012 года. 

Назіранне за мірнымі сходамі з'яўляецца важнай часткай грамадскага кантролю, падчас якога людзі сочаць за дзеяннямі ўладаў і дапамагаюць паляпшаць практыкі.

"Мы пішам рэкамендацыі для ўсіх бакоў: арганізатараў, удзельнікаў і ўдельніц, міліцыі, хуткай дамагі, судоу і нават парламенту. На вебінары разбярэмся, ці выконваюць яны іх", – кажуць арганізатары. 

Для каго гэты вэбінар?

Хочаш далучыцца да назірання? Назіраў ці назірала раней і цікава ўзгадаць? Часам бачыш нас на акцыях і хочаш даведацца падрабязней, чым мы займаемся? Цікавішся правамі чалавека?

Тады гэты вэбінар для цябе!

26 студзеня 2019 года у Беларусі пачалі дзейнічаць змены ў закон "Аб масавых мерапрыемствах", якія ўвялі паведамляльны прынцып правядзення акцый ў вызначаных месцах. І адразу ж Савет міністраў прыняў "прайс-ліст" на паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас мірных сходаў.

"Несвабода мірных сходаў заўсёды выклікае крытыку з боку беларускіх праваабаронцаў і міжнароднай супольнасці. Мы сустрэнімся анлайн праз год дзеяння новай рэдакцыі закона і паглядзім, што змянілася!" – падкрэсліваюць у Валанцёрскай службе.

А хто "гаварашчая галава"?

Спікеркай вебінару выступіць праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч, якая назірае за мірнымі сходамі з 2015 года. Таксама яна з'яўляецца аўтаркай шматлікіх справаздач, сааўтаркай аналітычных аглядаў па свабодзе сходаў, займаецца адвакацыяй свабоды сходаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Што трэба, каб глядзець вебінар? 

Толькі інтэрнет і нейкая прылада: ноўт, планшэт, тэлефон.Запоўні форму, каб трапіць на вебінар па назіранню за мірнымі сходамі, і атрымай спасылку для прагляду на электронную пошту.

Па ўсіх пытаннях можна пісаць на адрас – Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Арганізатары абяцаюць даслаць запіс вебінару, калі не атрымаецца прысутнічаць анлайн.

Крыніца: Вебінар па свабодзе мірных сходаў ад Валанцёрскай службы "Вясны"