Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка абскардзіў рашэнне Фрунзенскага РУУС аб адмове ва ўзбуджэнні справы ў дачыненні да членаў выбарчай камісіі.

Нагадаем, Аляксей Лойка, як назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", хацеў 24 кастрычніка 2019 года папрысутнічаць на сустрэчы праўладнай кандыдаткі Марыны Лянчэўскай з працоўным калектывам сярэдняй школы №157 г. Мінска. Калі ён прыйшоў у школу, дырэктарка Святлана Скроцкая вырашыла, што яму не варта прысутнічаць на гэтай сустрэчы, і пачала выштурхоўваць назіральніка з хола. На дапамогу ёй прыйшоў настаўнік гісторыі, член участковай выбарчай камісіі Сяргей Юдзінец, які сілай выштурхнуў Аляксея Лойку са школы.

Праваабаронца па гэтым факце звярнуўся ў Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неправамернага прымянення фізічнай сілы да яго з боку работнікаў школы.

26 лістапада 2019 г. з Фрунзенскага РУУС г. Мінска, куды СК пераслаў зварот, прыйшоў адказ: "у ходзе правядзення праверкі, парушэнняў дзейнага заканадаўства ўстаноўлена не было".

З такім адказам Аляксей Лойка не пагадзіўся і звярнуўся са скаргай у ГУУС Мінгарвыканкама, дзе ўказаў:

"Зыходзячы з адказу Фрунзенскага РУУС г.Мінска, нельга зрабіць выснову аб тым, ці былі апытаныя асобы, якія здзейснілі ў дачыненні да мяне супрацьпраўныя дзеянні – Скроцкі С. і Юдзінец С., ці вымаліся відэакамеры з хола школы і ці вывучалася іх змесціва, ці была прадпрынятая якая-небудзь спроба ўстанавіць аб'ектыўныя дадзеныя, якія сведчаць аб замаху з боку работнікаў школы на грамадскія адносіны з нагоды маёй асабістай недатыкальнасці і галоснасці выбарчага працэсу і даць ім належную прававую ацэнку".

Таксама назіральнік адзначае, што нельга зрабіць выснову і пра тое, ці былі апытаныя ў ходзе праверкі па яго скарзе сама кандыдатка Марына Лянчэўская і дзяжурныя на вахце, якія назіралі за сітуацыяй, што адбывалася. На падставе гэтага Аляксей Лойка зрабіў выснову, што праверка была праведзена няпоўна, павярхоўна і неаб'ектыўна. Прасіў  ГУУС прызнаць адказ Фрунзенскага РУУС незаконным, а дзеянні службовай асобы, якая яе праводзіла, непрафесійнымі і не адпавядаючымі патрабаванням эфектыўнага расследавання заявы аб здзяйсненні злачынства, прыняць рашэнне ў адпаведнасці з кампетэнцыяй ГУУС.

Упраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС разгледзела зварот праваабаронцы і прыйшло да высновы, што з боку службовых асобаў Фрунзенскага РУУС выяўлены шэраг недахопаў у частцы паўнаты і ўсебаковага разгляду названага звароту.

"У сувязі з гэтым, кіраўніцтву ААПП МГБ РУУС дадзена даручэнне аб правядзенні разбору з наступным прыняццем мераў рэагавання да вінаватых службовых асобаў і належным разглядзе довадаў, выкладзеных у звароце", – падкрэсліў у адказе начальнік УАПП і МГБ ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня.

ГУУС назіральніку: Даручана правядзенне разбіральніцтва і прыняцце мераў да вінаватых службовых асобаў

Крыніца: ГУУС назіральніку: Даручана правядзенне разбіральніцтва і прыняцце мераў да вінаватых службовых асобаў Дакумент