Дзмітрый Паліенка ў судзе. Фота belapan.com Актывістка Марына Насенка распавяла Свабодзе пра чарговы ліст ад Зьмітра Паліенкі, прызнанага праваабаронцамі палітвязьнем.

У лісьце Паліенка распавядае, што толькі выйшаў са штрафнога ізалятару, куды яго пасадзілі на 4 дні ў тым ліку за адмову мыць санвузел — за гэта быў адзін з апошніх пратаколаў.

«Па турэмных панятках, калі ты мыеш санвузел, ты трапляеш у касту „адсаджаных“, — кажа Насенка. — То бок гэта такая спроба адміністрацыі, каб ён трапіў у гэтую касту, гэта ціск праз турэмныя паняткі».

Тэарэтычна, прымусіць мыць санвузел могуць любога зьняволенага, на практыцы ж адміністрацыі турмаў часта прызначаюць такія заданьні толькі пэўным вязьням за пэўныя правіны.

Паліенка ў лістах ня скардзіцца на здароўе. Але раней ён распавядаў таксама пра тое, што быў пазбаўлены спатканьняў на 3 месяцы і што быў абмежаваны ў карыстаньні грашовым рахункам. Паліенку ў калёніі трымаюць пад асаблівым наглядам, яго пазначылі «жоўтай біркай» — як «экстрэміста».

Крыніца: Палітвязьня Паліенку пасадзілі ў ШЫЗА на 4 дні за адмову мыць прыбіральню