Выстава, прысвечаная тэме смяротнага пакарання, урачыста адкрылася на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”. Прымеркавана яна да міжнароднага Дня правоў чалавека. Распачаў мерапрыемства праваабаронца Андрэй Палуда.

“У нас у краіне шмат праблем, звязаных з правамі чалавека, — адзначыў ён. — Сярод іх — пытанне смяротнага пакарання. Нават у 2019 годзе было ўжо вынесена тры смяротныя прысуды, а два з іх — прыведзены ў выкананне”.

paluda_na_vystave.jpg
Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org

Выстава складаецца з двух частак: фотапраекта “Вышэйшая мера пакарання” беларускага фотажурналіста Сяргея Балая і серыі малюнкаў Джорджа Батлера “Апошні кат Еўропы”.

Сам Джордж Батлер падарожнічаў па краінам, дзе актуальна праблема правоў чалавека. Ён пабываў ў Сірыі, Іране, а ў 2018 годзе наведаў і Беларусь. Пры падтрымцы Amnesty international і Брытанскай амбасады фатограф змог сустрэцца з маці асуджаных да смяротнага пакарання. Так узнікла яго выстава.

maliunki_batlera.jpg
Малюнкі Джорджа Батлера. Фота: spring96.org

Жаклін Перкінс, амбасадарка Велікабрытаніі,  выступіла з прамовай на адкрыцці выставы.

“Усе людзі нараджаюцца роўнымі, — падкрэсліла яна. — На жаль, у свеце ўсё яшчэ даводзіцца адстойваць важнасць правоў чалавека. Я веру, што Беларусь далучыцца да тых 70% краін свету, якія ўжо адмянілі смяротнае пакаранне”.

jaklin_perkins_vystava.jpg
Жаклін Перкінс. Фота: spring96.org

Другая частка выставы прысвечана фотапраекту “Вышэйшая мера пакарання”. Яго героямі сталі сваякі людзей, якія былі асуджаныя да смяротнага пакарання.

Фотапраект:
Фотапраект: "Вышэйшая мера пакарання". Фота: spring96.org

Сярод пакараных – Генадзь Якавіцкі. Яго дачка, Аляксандра Якавіцкая, выступіла на адкрыцці выставы і распавяла пра тое, што яе сям’і давялося перажыць.

jakavickaja.jpg
Аляксандра Якавіцкая. Фота: spring96.org

“Суд засноўваўся над тым, што мой бацька ўжо раней быў асуджаны,– распавяла дзяўчына. –  “Болей было няма каму” – цытую словы суддзі. Нашы з бацькам сустрэчы праходзілі непрыгожа. Яго прыводзілі пад канвоем з пяці чалавек, якія слухалі нашыя размовы і адпускалі неэтычныя жарты… Я хачу падкрэсліць, што не варта асуджаць сем’і [пакараных людзей], калі вы не ведаеце ўсяго таго, з чым ім давялося сутыкнуцца”

Фота: spring96.org
Фота: spring96.org

Адкрыццё выставы прымеркавана да Дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня. Азнаёміцца з выставай можна цягам месяца на пляцоўцы Тэрыторыя правоў (Мінск, вул. Ложынская, 16)

Крыніца: “Усе людзі нараджаюцца роўнымі". У Мінску адзначаецца міжнародны Дзень правоў чалавека Фота