Алесь Бяляцкі, Роберт Дэстра і праваабаронца Юрый Джыбладзе (Расія). Напярэдадні 26-га саміту кіраўнікоў МЗС краін-удзельніц АБСЕ, які праходзіць 4 снежня ў Браціславе, адбылася сустрэча старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага з намеснікам дзяржсакратара Бюро па дэмакратыі, правах чалавека і працы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Робертам Дэстра.

Пад час размовы Алесь Бяляцкі падрабязна распавёў пра вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў Беларусі, ахарактарызаваў іх як недэмакратычныя і паставіў пад пытанне легітымнасць прызначаных, а не абраных “дэпутатаў”.

Праваабаронца таксама звярнуў увагу на хвалю ціску і рэпрэсій, якая літаральна абрынулася на грамадскіх актывістаў і журналістаў незалежных СМІ неўзабаве пасля выбараў.

Па словах Бяляцкага, магчымае падпісанне невядомых па змесце пагадненняў з Расіяй можа прывесці да масавых пратэстаў, што, у сваю чаргу, выкліча рэзкае павелічэнне рэпрэсій з боку ўладаў і пагаршэнне з сітуацый з правамі чалавека ўвогуле.

Праваабаронца заклікаў дзяржаўны дэпартамент ЗША не дапусціць з’яўлення ў Беларусі новых палітычных зняволеных.

"Гэта “чырвоныя лінія”, якія ўлады ні ў якім выпадку не павінны пераступіць", - адзначыў праваабаронца.

Крыніца: Алесь Бяляцкі заклікаў Дзярждэп ЗША не дапусціць з’яўлення ў Беларусі новых палітычных зняволеных