Міхаіл Жамчужны ў судзе. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", палітвязень Міхаіл Жамчужны пасля пераводу ў папраўчую калонію №9 г. Горкі ўжо другі раз змешчаны ў ШІЗА.

Правакацыі супраць Міхаіла Жамчужнага пачаліся яшчэ ў Ваўкавыскай калоніі, працягнуліся ў ПК у Горках, куды ён у тэрміновым парадку быў пераведзены 10 ліпеня.

Правакацыі звязаныя з устанаўленнем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін, якія дазваляюць з папушчальніцтва адміністрацый папраўчых устаноў ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання да асобных асуджаных.

3 жніўня Міхаіла Жамчужнага адміністрацыя калоніі спрабавала перавесці ў атрад, які сфарміраваны з асуджаных з "нізкім статусам". Калі палітвязень адмовіўся, на яго быў складзены рапарт аб парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання, і ён быў адпраўлены на 5 сутак у ШІЗА.

Пасля выхаду з ізалятара, 8 жніўня, яго зноў паспрабавалі адвесці ў той жа атрад, аднак палітвязень зноў адмовіўся і зноў быў адпраўлены ў ШІЗА - ужо на 10 сутак. З 9 жніўня Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў ізалятары. Адміністрацыя калоніі расцэньвае адмовы зняволенага як непадпарадкаванне.

Праваабаронцы лічуць, што сваімі дзеяннямі адміністрацыя калоніі аказвае ціск і стварае правакацыі супраць Міхаіла Жамчужнага.

Крыніца: З пачатку жніўня Міхаіл Жамчужны двойчы змешчаны ў ШІЗА: 5 і 10 сутак