Упраўленне Следчага камітэта па Мінску прыняло да вытворчасці справу аб нявыплаце падаткаў кіраўніцтвам прафсаюзу РЭП, паведаміла прэс-служба СК. Галоўны бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай. Другім падазраваным стаў кіраўнік арганізацыі Генадзь Фядыніч. Пра гэта паведамляе TUT.BY.

- Сьледчыя вывучаюць паступіўшыя матэрыялы, запланавана правядзенне працэсуальных дзеянняў, накіраваных на ўстанаўленне ўсіх абставінаў таго, што адбылося, а таксама атрыманне доказаў, - паведамілі ў СК.

Як раней пісаў TUT.BY, у мінскім офісе прафсаюза РЭП 2 жніўня прайшоў ператрус у сувязі з узбуджанай крымінальнай справай у дачыненні да кіраўніка прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, які адказваў за фінансы, па ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах).

КДК паведамляў, што Фядыніч і Комлік адкрылі рахункі ў замежных банках, рэгулярна здымалі з іх грошы, не атрымаўшы на гэта дазволу Нацбанка Беларусі.

Па словах Фядыніча, яму назвалі памер нявыплачаных падаткаў - 22 тысячы дэнамінаваных рублёў з сумы, атрыманай у 2011 годзе. Суму даходу яму не назвалі.

«Але я падаткі заўсёды плаціў і плачу. Ніякіх лішніх грошай не меў і не маю», - заявіў Фядыніч.

Паводле інфармацыі юрыста прафсаюза Юрыя Белякова, гаворка ідзе аб рахунку ў адным з літоўскіх банкаў, прычым рахунак быў зачынены яшчэ ў 2011 годзе. Менавіта ў 2011 годзе тэрмін па аналагічным абвінавачванні атрымаў праваабаронца Алесь Бяляцкі. Тады інфармацыю беларускім праваахоўнікам перадалі з Літвы, але пасля таго як Бяляцкі быў асуджаны на тры гады, Вільнюс заявіў аб спыненні супрацоўніцтва з Мінскам у сферы прававой дапамогі.

Праваабаронцы абвясцілі Комліка палітвязням, а апазіцыя назвала гэтую справу помстай незалежным прафсаюзам пасля вясновых маршаў і зачысткай палітычнага поля перад восенню.

8 жніўня генеральны сакратары Глабальнага саюза IndustriALL Вальтэр Санчэс і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) Шаран Бароў  звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з лістом, у якім патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед і «зняць усе беспадстаўныя абвінавачванні» з Фядыніча і Комлік.

Крыніца: Справу прафсаюза РЭП перадалі з Камітэту дзяржкантролю ў СК