Як распавяла назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ірына Траццякова, на выбарчых участках з’явілася аб’ява пра тое, што кандыдатура Юрыя Мельнікава знятая на падставе пісьмовай заявы кандыдата ў дэпутаты, пададзенай 11 лістапада. Назіральніца выявіла такую аб’яву з подпісам акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 на ўчастках 46, 47 і 48.

12 лістапада павінна адбыцца паседжанне Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якім будзе разглядацца скарга Юрыя Мельнікава на рашэнне акруговай камісіі аб адмене ягонай рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў кандыдаты. Сам кандыдат плануе прымаць удзел у паседжанні ЦВК. Акрамя гэтага Юры Мельнікаў падаў у Віцебскі абласны суд скаргу на рашэнне тэрытарыяльнай выбарчай камісіі аб адмове ў задавальненні скаргаў на вынесеныя раней два папярэджанні, паседжанне прызначанае на 13 лістапада.  

Назіральніца Ірына Траццякова высветліла ў Юрыя Мельнікава, што ніякай заявы на зняццё сваёй кандыдатуры ён не падаваў. Пры гэтым Выбарчым кодэксам прадугледжаная толькі асабістая падача такіх заяваў, а сябры участковых камісій запэўнілі назіральніцу, што дадзенае распараджэнне было перададзенае ва ўсе ўчасткі акругі АВК №18.  

Мужчына наведаў АВК з мэтай азнаямлення з заявай, якую “ён падаваў”, але дзяжурны паказаў яму журнал уваходных дакументаў, дзе не было зафіксавана ніякіх заяў ад Мельнікава.

Таксама Ірына Траццякова пабывала і на ўчастках 49, 50 і 51, дзе запыталася пра развяшчэнне аб’явы аб зняцці кандыдатуры Юрыя Мельнікава, на што атрымала адказ ад сябраў камісіі, што яны яшчэ не паспелі раздрукаваць і вывесіць такую інфармацыю, але зранку 12 лістапада абяцалі, што аб’яву павесяць. Сябры камісіі сказалі назіральніцы, што атрымалі загад і абвестку ад самаго старшыні АВК №18 у другой палове 11 лістапада.

Юры Мельнікаў планую давесці склаўшуюся сітуацыю да сябраў ЦВК на паседжанні.

Нагадаем, начальнік сектара кадравай і прававой работы філіяла «Ваенсервіс» РУП «Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны” Юры Мельнікаў, які вылучаўся па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 шляхам збору подпісаў грамадзян, адразу не быў зарэгістраваны АВК з-за недакладнасці подпісаў. Пасля абскарджання ў абласную камісію ён адзіны, хто быў усё ж зарэгістраваны па рашэнні гэтай камісіі. Аднак 4 і 5 лістапада на яго перадвыбарчы выступ у АВК паступілі скаргі ад дырэктаркі яго прадпрыемства Ларысы Шырокавай і калектыва супрацоўнікаў, у якіх яны скардзіліся на нібыта ілжывую інфармацыю, якую распаўсюдзіў кандыдат. На падставе гэтых скаргаў акруговая выбарчая камісія вынесла два папярэджанні Юрыю Мельнікаву і вынесла рашэнне аб адмене ягонай рэгістарцыі ў якасці кандыдата.

Крыніца: АВК абвясціла Юрыя Мельнікава “самазнятым”