На сайце Нацыянальнага прававога Інтэрнэт парталу Рэспублікі Беларусь pravo.by нядаўна быў апублікаваны першы, адобраны Экспертным саветам па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, дакумент. Гэта Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і.

Пра дыскрымінацыйныя падыходы пры стварэннні нарматыўных прававых актаў беларускія праваабаронцы заяўлялі даўно. І не толькі проста канстатавалі наяўнасць такой праблемы.

Так, яшчэ ў снежні 2013 года праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч звяртаўся у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь па пытанні адсутнасці заканадаўча замацаванага абавязку выдаваць нарматыўныя прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама да суб’ектаў, якія маюць права ініцыяваць такі зварот у суд: Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Аднак тады ні адзін орган улады не палічыў, што выданне законаў толькі на рускай мове з’яўляецца дыскрымінацыяй і парушэннем заканадаўства.

Валянцін Стэфановіч неаднаразова заяўляў, што дзяржаўныя інстытуцыі і чыноўнікі цалкам ігнаруюць праблему дыскрымінацыі беларускай мовы. А ў некаторых выпадках нават няслушна інтэрпрэтуюць заканадаўчыя нормы.

Менавіта дыскрымінацыя беларускай мовы паслужыла штуршком для стварэння грамадзянскай ініцыятывы "Справаводства па-беларуску», накіраванай на перавод справаводства ў дзяржаўных і іншых установах на тытульную мову нацыі, якую ініцыяваў Ігар Случак.

Застаецца спадзявацца, што першая ластаўка ў выглядзе Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і па-беларуску, не станецца апошняй, а пакладзе пачатак мэтанакіраванай і паслядоўнай працы па стварэнні нарматыўнай прававой базы на роднай мове.

Крыніца: Лед скрануўся? Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і з’явіўся па-беларуску