Дзмітрый Паліенка Сёння ў 12.30 у Мінскім гарадскім судзе будзе абвешчаны прысуд па крымінальнай справе актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі.

Па стане на 11.40 каля па перыметры будынку суда ўжо стаіць шмат міліцыянтаў у штацкім. Прысутнічае і начальнік мінскага АМАПу Дзмітрый Бараба.

Разглядае справу суддзя Пётр Арлоў. Актывіста судзяць толькі па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства) - па факце распылення пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы.

Першапачаткова працэс мусіў быць закрытым. У знак пратэсту супраць гэтага напачатку першага судовага пасяджэння Дзмітрый Паліенка парэзаў сабе руку. Пасля стала вядома, што пракурор Аляксандр Кароль адмовіўся ад астатніх абвінавачванняў: па арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку). У выніку з-за вялікага грамадскага рэзанансу суд прыняў рашэнне праводзіць працэс ў адкрытым рэжыме.

Цягам трох судовых пасяджэнняў па справе выявілася шмат супярэчнасцяў паміж паказаннямі пацярпелага і сведкаў, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе. Сам Паліенка і яго адвакатка настойваюць на тым, што Паліенка выкарыстаў пярцовы балончык выключна для самаабароны.

Пракурор запрасіў у суда прызнаць яго вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год. Таксама прымусова лячыць ад алкагалізму, а меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінуць без зменаў.

Суд на Дзмітрыем Паліенкам:

Дзень першы

Дзень другі

Дзень трэці

Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: Справа Паліенкі. Што скажа суд?