Уладзімр Лабковіч і Алег Гулак. Прэс-канферэнцыя, прысвечаная прамежкавым вынікам назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, прайшла ў 22 кастрычніка ў сталічным гатэлі “Гарні”. Яе ладзілі кардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Уладзімір Лабковіч: Нашая выбарчая сістэма хварэе да гэтага часу і яшчэ доўга будзе хварэць.

Падводзячы папярэднія вынікі назірання за парламенцкімі выбарамі 2019 года каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч адзначае, што ўсе тыя негатыўныя моманты, якія назіраліся у час мінулых кампаній, і прэзідэнцкай 2015 года, і парламенцкай кампаніі 2016 года, засталіся.

“Калі размова ідзе пра тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, мы і далей назіраем невялікую долю вылучэння прадстаўнікоў ад палітычный партый, што ўвогуле характарызуе нашую партыйную сістэму, паколькі палітычныя партыі ў прынцыпе павінны быць асноўнымі ўдзельнікамі і арганізатарамі выбарчага працэсу, а яны усё менш і менш прымаюць у ім удзел, – адзначыў на прэсавай канферэнцыі 22 кастрычніка Уладзімір Лабковіч. –  І гэта тычыцца не толькі апазіцыйных, але і ўсіх пятнаццаці зарэгістраваных у Беларусі партый. Толькі 25 % сваіх прадстаўнікоў вылучылі ў склад тэрытарыяльных камісій 12 палітычных партый, які ўзялі ўдзел у выбарчай кампаніі ад 43,6% вылучаных усімі грамадскімі аб’яднаннямі. Астатнія – альбо грамадзяне, альбо вылучэнцы ад працоўных калектываў.”

Асноўныя арганізатары выбараў – 5 мега-грамадскіх аб’яднанняў (БРСМ, “Белая Русь”, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Фонд міра і Саюз жанчын), вылучылі і былі ўключаныя ў склад тэрытарыяльных камісій у аб’ёме 93,6%  ад прадстаўнікоў усіх грамадскіх аб’яднанняў.  І гэта сведчыць пра агульны дыскрымінацыйны падыход да фарміравання ТВК. Увогуле, выбарчае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх крытэрыяў фарміравання камісій. Гэта усё аддаецца на водкуп мясцовым органам улады, якаяя ператварае выбары з дапамогай сваёй вертыкалі ў адміністратыўную працэдуру.

Уладзімір Лабковіч адзначае пагаршэнне сітуацыі з фарміраваннем участковых выбарчых камісій у параўнанні і з мінулымі гадамі. Такога мізэрнага прадстаўніцтва апазіцыі, вылучанай у склад УВК, назіральнікі не адзначалі аж з 2008 года, ад пачатку дзейнасці кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Так, апазіцыя вылучыла 4.2% ад агульнага складу участковых камісій, яны прадстаўленыя 21 чалавекам, што скаладае толькі 0,031%. Гэта пры тым, што 5 вялікіх грамадскіх аб’яднанняў, пра якія вялася гаворка вышэй даюць у суме 97% складу камісій.

Як гэта ўсё адбываецца? Органы ўлады за некалькі дзён праводзяць закрытыя паседжанні, на якія не запрашаюцца назіральнікі,  дзе галасуецца быццам за тое, каб склад камісій быў толькі з 13 чалавек (мінімальная колькасць, прадугледжаная законам). Затым праводзіцца фармальнае паседжанне, на якім прысутнічаюць назіральнікі, а ў выпадку калі ёсць конкурс – ідзе галасаванне супраць гэтых усіх выпадковых лішніх людзей. За  астатніх жа галасуюць агульным спісам. Пры гэтым, каб была бачнасць плюралізму, нехта адзін галасуе за лішняга прэтэндэнта

Уладзімір Лабковіч таксама адзначыў сярод важных праблем фарміраванне учасковых камісій па вытворчаму прынцыпу, калі камісія фарміруецца з прадстаўнікоў адной арганізацыі, часта гэта школы. Такім чынам захоўваецца кантроль над дзейнасцю камсіі. Закон пры гэтым абыходзіцца вельмі проста: нехта вылучаецца ад прафесійных саюзаў, нехта ад грамадзян шляхам збору подпісаў, а нехта ад партый, ці грамадскіх аб’яднанняў. Напрыклад у Барысаве на выбарчым участку №9 (сярэдння школа №2) у склад камісіі было вылучана 13 чалавек, з іх 100% прадстаўнікі працоўнага калектыву гэтай школы. Падобная сітуацыя і яшчэ на некаторых барысаўскіх, ды і не толькі, участках.

На жаль, мы з сумам чакаем таго, што будзе адбывацца пад час галасавання, ужо можна ўжо прагназаваць, што падлік галасоў будзе адбывацца недапушчальна і будзе дыскрэдытаваць увесь выбарчы працэс.

Алег Гулак: Працэдура рэгістрацыі кандыдатаў больш выглядае як набор адміністратыўных рагатак

Парламенцкая кампанія 2019 года – гэта збольшага паўтор тых методык і практык, якія былі дастаткова звыклымі падчас  выбарчых кампаній мінулых гадоў.

“Калі мы аналізуем працэс вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў, то тут таксама бачым, што працэс вельмі падобны на тое, што адбывалася раней, хаця ёсць і свая спецыфіка. Пачатак спецыфікі меў станоўчы бок: была вялікая колькасць кандыдатаў (большая, чым у мінулыя часы), была большая цікавасць да іх, большая колькасць ініцыятыўных груп вылучалася і працэнт адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп быў невялікі, – зазначае Алег Гулак. – Усяго 14 групам з 703 пададзеных было адмоўлена, гэта менш за 3 адсоткі, і гэта харошыя лічбы ў параўнанні з мінулымі. І таксама быў дастаткова свабодны працэс збору подпісаў, было дастаткова месцаў, вылучаных для гэтага. І таму гэты працэс адбываўся лепш, чым у мінулыя гады”.

Але ад самага пачатку працэсу рэгістрацыі кандыдатаў, улады вярнуліся да практыкі не самых лепшых часоў, па-ранейшаму існуюць праблемы непразрыстых працэдур, каторыя дазваляюць кказаць, што іх вынікі маглі быць дастаткова штучнымі. Справа ў тым, што працэдура праверкі подпісаў – доўгая і расцягнутая па часе.

“Камісія не робіць гэта за адзін дзень; назіраць за гэтым нават пры самых спрыяльных умовах было б няпроста, а тут мы бачылі, што многім нашым назіральнікам было адмоўлена ў магчымасці назіраць за працэдурай праверкі дакументаў, пададзеных на рэгістрацыю, – кажа Гулак. – І нават не толькі назіральнікі не маглі азнаёміцца, але нават многія прэтэндэнты у кандыдаты, якім было адмоўлена  не змаглі азнаёміцца з самімі матэрыяламі, на падставе якіх ім было адмоўлена. Гэта значыць, ім не давалі магчымасці бачыць, якія дакладна подпісы і чаму былі забракаваныя, а значыць іх фактычна пазбавілі магчымасці абскарджваць гэтыя адмовы. Як і ў мінулыя разы, мы бачым, што гэтая працэдура рэгістрацыі, сэнс якой павінен быць у тым, каб у кандыдаты вылучаліся тыя людзі, якія атрымалі дастатковую падтрымку  выбаршчыкаў (не менш за 1000 выбаршчыкаў)  -- гэта своесаблівы адсеў па якасці”.

Алег Гулак адзначае, што  працэдура рэгістрацыі больш выглядае як набор адміністратыўных рагатак, які дазваляе забракаваць подпісы па фармальных падставах, але не таму, што яны не сапраўдныя. Шмат у якіх выпадках ніхто не сумняваецца, што тыя подпісы, якія былі забракаваныя, гэтымі людзьмі і ставіліся.

 

На жаль, існуючыя працэдуры не ўлічваюць таго, што выбаршчыкі маюць права вылучаць кандыдатаў, ну а адпаведна кандыдаты, якіх гэтыя выбаршчыкі вылучылі, маюць права балатавацца. Вось гэтая сутнасць працэса існуючымі працэдурамі не забяспечваецца, і працэдуры дазваляюць адмаўляць па фармальных прыкметах, што не адпавядае сутнасці Кыбарчага кодэксу  і канстытуцыйных гарантый таксама.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Крыніца: Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў прайшла без істотных адрозненняў ад мінулых парламенцкіх выбарчых кампаній