17 кастрычніка па ўсёй краіне завяршаецца працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. Хоць выніковыя пратаколы будуць апублікаваныя заўтра, 18 кастрычніка, ужо цяпер вядома пра некаторых вылучэнцаў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі. Чаму ж так адбылося? Незвычайнае рашэнне прыняла акруговая выбарчая камісія ў Драгічыне - кандыдатам не зарэгістраваны генерал-памежнік Васіль Гядзько

gedko.jpg
Васіль Гядзько. Фота "Першы рэгіён"

Як стала вядома "Першаму Рэгіёну", 16 кастрычніка камісія Днепра-Бугскай выбарчай акругі № 10 зарэгістравала ўсіх кандыдатаў у дэпутаты, акрамя генерала-памежніка Васіля Гядзько.

Падставамі паслужылі два папярэджанні, вынесеныя ягонай ініцыятыўнай групе - адно 27 верасня, а другое - 2 кастрычніка. Характэрна, што падчас збору подпісаў адзін праўладны сайт распаўсюджваў негатыўную інфармацыю пра генерала. Таксама, па словах ужо былога вылучэнца, яшчэ да выбараў да яго прыязджалі "два чалавекі з Драгічына", якія прапаноўвалі яму не балатавацца.

У Салігорску не зарэгістравалі вылучэнца ад Рэспубліканскай партыі (якая з нядаўніх часоў называе сябе цэнтрысцкай) Аляксея Біянава. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала тое, што вылучэнец не ўнёс у дэкларацыю звесткі пра аўтамабіль «Масквіч» 1971 гады, які Аляксей набыў у 2013 годзе і прадаў прыкладна праз год. Біянаў адзначае, што ў 2018 годзе, калі балатаваўся на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, ён таксама не ўносіў аўто ў дэкларацыю, аднак яго без праблем зарэгістравалі. 

Аляксей Біянаў. Фота з Facebook
Аляксей Біянаў. Фота з Facebook

Адмову ў рэгістрацыі атрымаў вылучэнец ад АГП па Полацкай-сельскай выбарчай акрузе №28 Генадзь Трубач. Прычына - недакладныя дадзеныя ў дэкларацыі аб даходах.

Таксама адмоўлена ў рэгістрацыі сябру «Гавары праўду» з Полацка Іллю Барысаву.

У Барысаўскай акрузе №62 адмоўлена ў рэгістрацыі двум кандыдатам: Аляксандру Абрамовічу (БСДП(Г)) і Наталлі Кушняровай (БСДГ). Абрамовічу адмовілі з-за таго, што не пазначыў у дэкларацыі той факт, што ён з'яўляецца ўладальнікам акцый ТАА «Брэстгазапарат». 

Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info
Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info

Наталля Кушнярова, у сваю чаргу, дапусціла дзве памылкі. Па-першае, яна (мабыць) памылкова замест сумы гадавога даходу за 2018 год указала свой даход за месяц (неадпаведнасць склала 91,7%). Па-другое, яна не згадала, што валодае 50%-ай доляй статутнага фонду «Нівелір».

Як паведамляе «Наша Ніва», дзеючая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, кіраўніца Таварыства беларускай мовы Алена Анісім не прайшла рэгістрацыю па Стаўбцоўскай акрузе №70. Пра гэта паведамілі ў акружной выбарчай камісіі.

«Адмовілі праз дробныя тэхнічныя моманты, — расказала «НН» Алена Анісім. — Мы маглі збіраць подпісы толькі ў Стаўбцоўскім раёне, але ў падпісных лістах некаторыя зборшчыкі не ўказвалі Стаўбцоўскі раён, хаця там былі пазначаныя і вёска, і назва вуліцы. Я думаю, што гэта зроблена для таго, каб паказаць, якія добрыя спецыялісты працуюць у выбарчых камісіях, як дакладна яны ведаюць заканадаўства, як дэтальна разбіраюць лісты». Цягам трох дзён Анісім плануе абскардзіць гэтае рашэнне.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Фермеру Юрыю Іваноўскаму, які таксама вылучаўся па гэтай акрузе праз збор подпісаў, таксама адмоўлена ў рэгістрацыі.

Таксама паведамляецца, што не зарэгістравана Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая. Фота tut.by
Ганна Канапацкая. Фота tut.by

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Не толькі Анісім і Канапацкай. Каму і чаму адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатамі? Дапоўнена