Абій Ахмед. Фота Reuters Нобелеўскую прэмію міру атрымаў прэм'ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед. Рашэнне Нобелеўскі камітэт абвясціў сёння, 11 кастрычніка. Узнагарода прысуджаецца за ўклад ва ўмацаванне міру на планеце, паведамляе TUT.BY.

Як растлумачылі ў Нобелеўскім камітэце, прэм'ер-міністр узнагароджаны за тыя намаганні, якія ён прыклаў, каб пакласці канец канфлікту з Эрытрэяй. У Камітэце таксама адзначылі, што «высілкі Ахмеда заслугоўваюць прызнання і маюць патрэбу ў падтрымцы».

Абій Ахмед быў абраны прэм'ер-міністрам краіны ў мінулым годзе. Ён пачаў сваю працу на пасадзе кіраўніка ўрада з таго, што вызваліў з турмаў палітвязняў. Таксама ён адмяніў забарону на стварэнне новых палітычных партый і дазволіў судовы пераслед чыноўнікаў, абвінавачаных у парушэнні правоў чалавека. З моманту прыходу да ўлады Ахмед таксама адстойваў ролю жанчын у палітыцы: ён прызначыў жанчын на палову з 20 міністэрскіх пастоў ўрада, уключаючы першую жанчыну - міністра абароны краіны.

Але на Нобелеўскую прэмію міру яго вылучылі за тое, што ён падпісаў мірную дамову з прэзідэнтам Эрытрэі Ісаяй Афрыкі, паставіўшы кропку ў дваццацігадовым канфлікце паміж дзяржавамі з-за памежных тэрыторый.

Варта адзначыць, што Абій Ахмед быў сярод фаварытаў у букмекераў.

У гэтым годзе на ўзнагароду прэтэндаваў 301 кандыдат - 223 чалавекі і 78 арганізацый. А ў мінулым годзе яе лаўрэатамі сталі Дэні Маквеге і Надзя Мурад - за іх намаганні па спыненні выкарыстання сэксуальнага гвалту ў якасці зброі вайны і канфліктаў.

Крыніца: Спачатку ён вызваліў палітвязняў. Нобелеўскую прэмію міру атрымаў Абій Ахмед