Пляцоўка, заяўленая для правядзення пікету: Фота: "Віцебская вясна". У Полацку 7 кастрычніка меўся адбыцца пікет, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы за годную працу, але арганізатары вымушаныя былі яго адмяніць. За абслугоўванне пікету, заяўку на правядзенне якога падавалі двое жыхароў Полацку з ініцыятывы Свабоднага прафсаюзу, ЖКГ запатрабавала аж 2 тыс. 20 рублёў, паведамляе "Віцебская вясна".

Мэтай пікету было “інфармаванне жыхароў гораду аб праве працоўных адстойваць свае сацыяльна-эканамічныя інтарэсы – у адпаведнасці з Канстытуцыяй (арт.41 ч.3) і Канвенцыіяй МАП №№ 87 і 98 аб абароне права на прафсаюз”. Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) працаўнікоў прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” даручыў зладзіць пікет дваім палачанам – сябрам прафсаюзу. Ад іх імя і была 19 верасня пададзеная заяўка ў Полацкі райвыканкам. Запрасілі да ўдзелу ў пікеце і прадстаўнікоў мясцовых уладаў.

Праз 7 дзён быў атрыманы адказ намесніка старшыні райвыканкаму Пятра Пяткевіча, у якім ён паведаміў арганізатарам, што “Полацкі раённы выканаўчы камітэт узгадняе правядзенне масавага мерапрыемства…”

“Бюджэтнае фінансаванне дадзенага пікету, удзел у ім прадстаўнікоў улады не прадугледжаныя, бо яго правядзенне не ўваходзіць у план мерапрыемстваў Полацкага райвыканкаму”, – патлумачыў чыноўнік.  

Нагадаў таксама аб неабходнасьці заключыць дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі. Полацкія камунальнікі “папрасілі” тысячу даляраў…

Арганізатары пікету праз электронную пошту адправілі службам, якія маюць абслугоўваць мерапрыемства, свае праекты дамоваў. Запэўнілі, што абавязваюцца самастойна забяспечыць абслугоўванне паўгадзіннага пікету з пяці чалавек і ў паслугах супрацоўнікаў міліцыі, ЖКГ і медустаноў ня маюць патрэбы.

 

Тым ня менш, пералічаныя службы даслалі ў адказ свае прайсы. І калі мэдыкі сціпла папрасілі 22 рублі 50 капеек, то Полацкая ЖКГ ацаніла свае паслугі “па-багатаму”. Камунальнікі запатрабавалі аж 2 тысячы 20 рублёў, абгрунтаваўшы гэтую суму тым, што ў прыбіранні тэрыторыі пасля пікетоўцаў будуць задзейнічаныя 11 чалавек, якія будуць працаваць 8 гадзін, а таксама дзве машыны і два смецьцевыя кантэйнэры!..

Міліцыя ж, у сваю чаргу, паведаміла, што “самастойнае забеспячэнне аховы грамадзкага парадку падчас правядзення такіх масавых мерапрыемстваў заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжанае”. Кошт іх паслуг для пікету - 76 рублёў 50 капеек (тры базавыя велічыні).

На такія ўмовы арганізатары пікету не пагадзіліся і дамовы з дзяржустановамі не падпісвалі. За 10 хвілін да пачатку меркаванага пікету арганізатары накіравалі ў райвыканкам ліст з просьбай перанесці дату пікету “на нявызначаны тэрмін да ліквідацыі рознагалосся па аплаце паслуг”.

Арганізатары адзначаюць, што ў заяўлены час на месцы меркаванага пікету дзяжурыла ўсё-такі брыгада хуткай дапамогі…

Крыніца: У Полацку за абслугоўванне пікету ЖКГ запатрабавала 2020 рублёў (!)