Дзявятага кастрычніка ў Гародні ў “Цэнтры гарадскога жыцця” прайшоў паказ дакументальнага фільма "Курумім" і сустрэча з праваабаронцам, каардынатарам кампаніі супраць смяротнага пакарання Андрэем Палудам. Мерапрыемства сабрала больш за 30 чалавек і прайшло ў жывой дыскусіі.
Фільм “Курумім”, прадстаўлены Watch Docs Belarus, які датычыцца праблемы смяротнага пакарання ў іншай краіне - Інданэзіі. У ім раскпавядаецца пра асуджаных да смяртнага пакарання, пераважна за распаўсюд наркотыкаў, у гэтай азіяцкай краіне. Злачынствы, турэмны побыт, карупцыю судовай сістэмы. А найперш пра псіхалогію і погляд на жыццё чалавека, які апынуўся на мяжы жыцця і смерці.
Пасля фільма адбылася вельмі змястоўная дыскусія як пра сусветнае заканадаўства ў галіне смяротнага пакарання, так і пра беларускія рэаліі. Выказваліся нават самыя нечаканыя аргументы і довады за прымяненне смяротнага пакарання і супраць яго.
- Мадэратар дыскусіі Вольга Корсун і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда
Галоўная выснова з дыскусіі - праблема смяротнага пакарання нашмат шырэйшая, чым пра яе многія думаюць. Прымяненне гэтага віду пакарання ў Беларусі недапушчальнае, асабліва зважаючы на неаб'ектыўнасць судовай сістэмы.
Таксама падчас дыскусіі акцэнтавалася ўвага на тым, што рэферэндум 1996 году па пытанні смяротнага пакарання меў кансультацыйны, а не абавязковы заканадаўчы характар. З таго часу вырасла новае пакаленне, а сусветныя тэндэнцыі гуманізацыі патрабуюць адмены ці мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі.
Прагляд фільма “Курумім” таксама адбудзецца ў Мазыры 10 кастрычніка (прастора "Першы крок", пачатак у 19.00).
Крыніца: Прагляд фільма і дыскусія пра смяротнае пакаранне прайшлі ў Гародні Фота