Кампанія незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвяшчае набор назіральнікаў за галасаваннем падчас парламенцкіх выбараў.

17 лістапада адбудуцца выбары у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Шукаем назіральнікаў, якія змогуць сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень (17 лістапада) і, па магчымасці, падчас датэрміновага галасавання (з 12 па 16 лістапада). Таксама асобную ўвагу варта будзе надаць маніторынгу падліку галасоў, каб затым даць ацэнку адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу.

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” не аказвае падтрымку палітычным партыям ці кандыдатам. Мэта кампаніі – адсачыць выкананне міжнародных стандартаў у выбарчай галіне, зафіксаваць парушэнні і дапамагчы ўдасканаліць працэдуру выбараў на карысць усяго грамадства.

Стаць назіральнікам можа кожны: і той, у каго ўжо ёсць адпаведны досвед, і той, для каго гэта будзе ўпершыню.

Цягам кастрычніка і лістапада назіральнікі пройдуць адпаведнае навучанне і атрымаюць неабходныя накіраванні на выбарчыя ўчасткі (акрэдытацыю). Мы дапаможам размеркаваць назіральнікаў па тых участках, якія будуць для іх зручнымі.

Каб стаць назіральнікам, дастаткова запоўніць кароткую анкету: https://forms.gle/6YpEEyPcAxG5qhZa7

Далучайся і назірай разам з намі!

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Зазірні за кулісы выбараў. Стань назіральнікам разам з намі!