Инфармацыйны стэнд прысвечаны выбарам 2019 году. У Магілёве і Віцебску 10 верасня праходзяць нарады з удзелам кіраўніцтва ЦВК, прадстаўнікоў аблвыканкама, старшыняў тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій. Гледзячы на склад удзельнікаў гэтых нарадаў, размова будзе весціся аб арганізацыі выбарчага працэсу па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Колчын паспрабаваў патрапіць на гэтыю напаўсакрэтную нараду і вось што з гэтага выйшла:

“Сакратарка абласной камісіі Людміла Макаранка паведаміла, што нараду праводзіць аблвыканкам, аднак дазволіла прайсці ў залу пасяджэнняў. На ўваходзе у залу адбывалася рэгістрацыя прысутных. Спачатку прапускаць не хацелі, казалі што допуск толькі праз абласную камісію. Я спаслаўся на Макаранку  і мяне прапусцілі. Але за 5 хвілін да пачатку пасяджэння падыйшоў супрацоўнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Дзмітрый Цімафеенка і папрасіў пакінуць залю. Маўляў,  гэта не пасяджэнне АВК, а нарада аблвыканкаму і прысутнасць назіральнікаў не прадугледжана”, - распавядае Аляксей Колчын.

Падобная карціна складваецца і ў Віцебску, дзе на нараду з удзелам сакратара ЦВК Алены Дмухайла таксама не дапусцілі назіральнікаў.

“Пропуск строга па спісах, складзеных аблвыканкамам. Мерапрыемства цалкам закрытае і ад назіральнікаў, і ад іншых сябраў камісій, у тым ліку, абласной. Мы тройчы выклікалі Дмухайла. З другога паверха Алена Мікалаеўна не спусцілася”, - каментуюць назіральнікі.

Паколькі такога кшталту мерапрыемства адбываецца ў рамках падрыхтоўкі да правядзення выбараў, якое праводзіць Цэнтральная камісія сумесна з выканаўчымі ўладамі, слушна, каб яно праходзіла адкрыта і галосна, з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці, і прынцып галоснасці прапісаны, скажам, у арт.3 “Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў РБ”.

“Так, гэта не паседжанне выбарчых камісій, на якіх мае права прысутнічаць назіральнік, але мы, як прадстаўнікі грамадскасці, можам прысутнічаць на гэтай нарадзе. Тым больш, калі яна прысвечаная выбарам, а ўсе, што датычыць выбараў павінна быць галосным і адкрытым. Інакш могуць узнікнуць падазрэнні, што ўладам ёсць што ад нас хаваць”, - каментуе падзеі юрыст Валянцін Стэфановіч.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.

Крыніца: Што хочуць схаваць ад грамадскасці на нарадах, прысвечаных выбарам?