Поле для гольфу пад Мінскам. Фота: realt.by Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пракаментавала Радыё Свабода  сітуацыю са зваротам намесніка кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Мікіты Краснакуцкага наконт межаў некаторых выбарчых акруг.

Зварот тычыўся межаў Кастрычніцкай выбарчай акругі №97 і Лагойскай выбарчай акругі №75, часткі якіх маюць адарваныя ад асноўнай тэрыторыі “астраўкі-анклавы”, што супярэчыць патрабаванням артыкула 15-й Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь: «выбарчая акруга складае адзіную тэрыторыю: не дапускаецца ўтварэнне выбарчай акругі з тэрыторый, якія не мяжуюць паміж сабой».

Навошта выбарчыя скрыні на полі для гольфу?

Ярмошына адзначае, што праблема гэта ня новая:

«Сапраўды, можна казаць, пра „астраўкі“- анклавы. Але гэта той выпадак, калі нічога зрабіць нельга. Яны аднесеныя да гарадскіх тэрыторый. І так было заўжды. Існуюць адпаведныя ўказы прэзыдэнта аб гэтых тэрыторыях. Адбылося змяненне адміністратыўна-тэрытарыяльнага дзялення».

Старшыня ЦВК дадала, што Краснакуцкі сваёй скаргай хоча паказаць на прыкладзе поля для гольфу пад Калодзішчамі, што паміж дзвюма часткамі адной і той жа акругі існуе разрыў.

«Рэальна гэта так. Але што рабіць?! Гэта не адзіны выпадак, — тлумачыць Ярмошына. — Возьмем Віцебскую вобласць. Там пасёлак Руба аднесены да Віцебска, хоць ён знаходзіцца за горадам (маецца на ўвазе – Гарадокская выбарчая акруга №21). Тут няма ні памылкі, ні нейкага злога намеру. Так адбываецца з-за зменаў адміністратыўна-тэрытарыяльнага дзялення».

Але што насамрэч уяўляе “поле для гольфу” і ці сапраўды там пражываюць выбаршчыкі?

Некалі на гэтым месцы вырашылі збудаваць элітны пасёлак «Грынвіч», гэткі рай для мільянераў. Праект ляснуў і праз некаторы час адрадзіўся пад назвай “Зялёная гавань”. Праўда, акрамя фундаментаў ды некалькіх недабудаваных катэджаў, людзей там пакуль няма. Як няма і выбаршчыкаў. Аднак гэты анклаў паспяшаліся ўнесці ў межы Лагойскай выбарчай акругі №75.

Калі нельга, але вельмі хочацца, то можна ...

Аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Павел Сапелка не бачыць у тлумачэннях Лідзіі Ярмошынай канкрэтных аргументаў.

– Логіка утварэння выбарчых акругаў для выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Выбарчым кодэксам ніяк не прывязаная да адміністрацыйнага дзялення. Ёсць некалькі правілаў: колькасць выбаршчыкаў, як правіла, не павінны адрознівацца больш чым на 10% ад сярэдняй, вызначанай ЦВК; выбарчая акруга складае адзіную тэрыторыю: не дапускаецца адукацыю выбарчай акругі з тэрыторый, якія не мяжуюць паміж сабой. Нічога пра адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне, усталяванае тымі ці іншымі актамі заканадаўства, не сказана.

Гэтая норма Выбарчага кодэкса, відавочна, не падабаецца рэальным арганізатарам выбараў - органам выканаўчай улады, таму на карце з'яўляюцца вось такія акругі, як, напрыклад, Кастрычніцкая №97, якая складаецца з чатырох частак, што раскіданыя на тэрыторыі Мінска ў межах МКАД і наваколля.

 

Дык што, ніяк-ніяк нельга парушаць межы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак? Напрыклад, выходзіць за межы Савецкага і Першамайскага раёна Мінска? Можна: часткі Першамайскага і Савецкага раёна ўтвараюць Усходнюю выбарчую акругу №107.

Такім чынам тлумачэнні старшыні ЦВК на пытанне адносна існавання анклаваў на выбарчай карце адказу не далі і сітуацыю не растлумачылі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Крыніца: Пра палі для гольфу і анклавы на мапе выбарчых акругоў