Ілюстрацыйнае фота Студэнт Аршанскага каледжа ВДУ імя Пятра Машэрава Данііл - актывіст кампаніі "Пратэст BY", якая выступае супраць нядаўна прынятага закона "Аб адтэрміноўках". Каб выказаць сваё стаўленне да закона, хлопец вырашыў правесці адзіночны пікет у дазволеным для гэтага месцы (у аршанскім парку Герояў). Данііл падаў паведамленне ў райвыканкам, а там... паспяшаліся паведаміць пра гэта ў каледж, дзе вучыцца хлопец. А то "як бы чаго не выйшла".

20 жніўня Данііла разам са сваёй маці выклікаў на размову дырэктар каледжа Анатоль Зулёў, пры гэтым адмовіўшыся называць прычыну выкліку.

Ужо разумеючы, з чым хутчэй за ўсё будзе звязаная гутарка, маці Данііла вырашыла даведацца ва ўчастковага, якія наступствы чакаюць яе сына ад правядзення санкцыянаванага пікету. Па словах Данііла, участковы пачаў яе запалохваць.

«Ён сказаў, што за такое яе звольняць з працы, а мяне выганяць з каледжа. І наогул праблем не абярэшся», - распавядае Данііл.

Гутарка з дырэктарам прайшла сёння раніцай і канструктыўнай назваць яе сапраўды складана.

"Дырэктару сказалі з выканкама, што я збіраюся правесці "несанкцыянаваную акцыю". Я яму патлумачыў, што якраз-такі я ўсё ўзгадніў, і што яго дэзінфармавалі. Ён таксама мне пачаў казаць, што праблемы будуць і ў мяне, і ў маёй мамы. Таксама, паводле яго слоў, я пакіну пляму на сябе і на каледжы. У каледжы, кажа, ва ўсіх будуць праблемы, у яго будзе дрэнная рэпутацыя, як і ў мяне".

Дырэктар Зулёў казаў, што праводзіць адзіночны пікет няма сэнсу і ўсё роўна гэтым нічога не дамагчыся. Ён папрасіў, каб Данііл забраў з выканкаму паведамленне аб правядзенні пікету.

«Калі яго папросяць у выканкаме ад мяне пазбавіцца, то ён мне зробіць праблемы. І яшчэ ён шчыра верыць, што мне за мой пікет заплацілі, каб я выйшаў на вуліцу і пратэставаў. «Адслужаш ты ў арміі і пойдзеш вучыцца!», «Усё так жылі і жывуць» - вось яго фразы. Яшчэ ён лічыць, што мы павінны падтрымліваць цяперашнюю ўладу і не лезці ў палітыку».

Таксама падчас размовы кіраўнік каледжа абураўся тым, што ў хлопца доўгія валасы, і гэта не адпавядае дзелавому стылю.

Дырэктар каледжа акцэнтаваў асаблівую ўвагу на тое, што праблемы будуць менавіта ў маці Данііла. Па словах Данііла, пасля ўсіх размоў яна, на жаль, пагадзілася з пазіцыяй дырэктара.

Аднак Данііл здавацца не збіраецца і па-ранейшаму плануе праводзіць адзіночны пікет.

Гэта не першы вядомы выпадак ціску з боку адміністрацыі навучальных устаноў на студэнтаў за жаданне правесці ўзгоднены пікет. Прыкладна такая ж сітуацыя адбылася нядаўна са студэнтам Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Аляксеем Маісеевым. Дырэктар таксама выклікаў яго на размову і ўгаворваў не праводзіць пікет, каб не падстаўляць каледж.

Улёткі, збор подпісаў і пікеты. Што рыхтуюць праціўнікі закона “Аб адтэрміноўках"?

Чыноўнікі фактычна праігнаравалі петыцыю супраць закона “Аб адтэрміноўках", якая сабрала 10 тысяч подпісаў. Аднак абыякавасць чыноўнікаў не спыніла неабыякавых грамадзян. Яны пачалі актыўна каардынавацца праз інтэрнэт і разам планаваць шэраг актыўнасцяў, каб ўсё ж дамагчыся таго, каб іх меркаванне было пачута.

 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: «Адзіночны пікет - пляма на каледжы і на табе». Як у Воршы спалохаліся аднаго пратэстоўца