Уладзімір Лабковіч Адзін з каардынатараў кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч пракаментаваў прапанову старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб жорскім абмежаванні месца для вядзення фотаздымання журналістаў з выбарчых участкаў.

“Відавочна, што Лідзія Ярмошына перапужалася свайго лібералізма, калі ЦВК дазволіла назіральнікам і журналістам фатаграфаваць працу выбарчых камісіяў на ўчастку, і цяпер вырашыла вярнуць выбары ў звычайныя камфортныя ўмовы поўнага кантролю з боку камісіяў. Яна спаслалася пры гэтым на перадавы досвед Расійскай Федэрацыі, дзе назіральнікі як раз знаходзяцца ў асобна абазначаных месцах”, — мяркуе праваабаронца.

Уладзімір Лабковіч лічыць, што нельга вырываць такія абмежаванні з кантэкста, а трэба тады ўжо пераймаць досвед той жа Расійскай Федэрацыі цалкам, хоць да выбарчай практыкі суседняй краіны таксама ёсць шмат пытанняў.

“Добра, хай у нас будзе нейкая абмежаваная выдзеленая пляцоўка для назіральнікаў, але тады давайце пераймём такую норму з выбарчага заканадаўства Расійскай Федырацыі, дзе напісана аб тым, што назільнік мусіць знаходзіцца падчас падліку галасоў так, каб ён мог бачыць волевыяўленне выбаршчыка ў кожным выбарчым бюлютэні. Бо назіральнікам у выбарчых камісіях у Расіі дэманструюць кожны выбарчы бюлютэнь.

Таму не трэба вырываць нейкія адныя нормы з кантэкста і ігнараваць ці не заўважаць іншыя нормы заканадаўства”, — падкрэсліў праваабаронца.

Яшчэ адзін прыклад, які прывёў Уладзімір Лабковіч, — абарудаванне выбарчых участкаў відэакамерамі:

“Любы жадаючы можа зайсці на спецыяльны сервер і праглядзець усю працу выбарчай камісіі. Гэта таксама харошая норма. І тады, калі вы выконваеце гэтыя нормы, можна абмяжоўваць правы назіральнікаў і журналістаў і вызначаць для іх пэўнае месца для вядзення фота- і відэаздымання.

А так паводле Ярмошынай атрымоўваецца: нічога не дазволім назіральнікам, а нават тое, што дазволілі крыху раней, з перапугу адмінім зараз”.

Як раней паведамлялі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, Цэнтральная выбарчая камісія нечакана зрабіла паслабленне для назіральнікаў: у метадычным дапаможніку па выбарах дэпутатаў для ўчастковых выбарчых камісій паведамляецца, што ЦВК здымае забарону на фотаздымку на ўчастку. Таксама ў дапаможніку паведамляецца, што старшыня ўчастковай камісіі можа загадзя вызначыць месца, з якога дазваляецца зрабіць здымкі, размясціўшы там указальнік "Месца для фотаздымкі".

Падчас папярэдніх выбарчых кампаніях у Беларусі праваабаронцы не раз фіксавалі выпадкі, калі менавіта з-за ажыццяўлення фотаздымкі незалежных назіральнікаў выдалялі з участкаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Уладзімір Лабковіч: “Не трэба вырываць з кантэкста адныя і ігнараваць іншыя нормы заканадаўства”