Як паведамляе БелаПАН, пракуратура г. Мінска вярнула ў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Зміцер Паліенка. Фота: ПЦ

Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства. Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы. 

5 красавіка Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339 КК), апаганьванне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341) і распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130). Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад'яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай. Фігурантамі гэтай справы акрамя Паліенку з'яўляюцца Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева. 2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Паводле інфармацыі праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча, распальваннем іншай сацыяльнай розніцы следства лічыць распальванне варожасці ў дачыненні да такой сацыяльнай групы, як міліцыя.

«Міліцыя не з'яўляецца сацыяльнай групай, як не з'яўляюцца сацыяльнай групай прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і ўлада ў цэлым. Адпаведна, нельга казаць пра распальванне ў дачыненні да іх варожасці. Такога роду кваліфікацыя з'яўляецца непісьменнай і, акрамя таго, сведчыць аб жаданні ўладаў надаць палітычны кантэкст гэтай крымінальнай справе», — адзначае Стэфановіч.

Крыніца: Пракуратура вярнула справу Паліенкі ў СК для дадатковага расследавання