Дзень Волі ў Кіеўскім скверы. Фота: ПЦ "Вясна" Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне аб спагнанні з кожнага з арганізатараў Дня волі штрафа ў 30 базавых велічынь за несваечасовую аплату паслуг міліцыі падчас правядзення свята.

Нагадаем, што кожны з арганізатараў Дня волі (Вольга Кавалькова, Ігар Барысаў, Юрась Губарэвіч і Мікалай Казлоў) быў пакараны штрафам у 30 базавых велічынь (765 рублёў) за тое, што ў вызначаны тэрмін не здзейсніў аплату паслуг па ахове грамадскага парадка. Але арганізатары адзначалі, што гэтыя паслугі былі няякаснымі, таму абскардзілі рашэнне суда. Яны прасілі адмяніць пастанову суда Цэнтральнага раёна і спыніць адміністрацыйны працэс у дачыненні да іх.

У выніку Мінскі гарадскі суд адмовіў ім.

Варта адзначыць, што арганізатары Дня волі намагаюцца скасаваць дамову з міліцыяй , і ў той жа час Мінскі гарадскі суд сваім рашэннем патрабуе не толькі апаціць гэтыя паслугі поўнасцю, але і спаганяе штрафы за несваечасовую аплату. Але гэтая “несваечасовасць” і узнікае з-за таго, што арганізатары спрабавалі дамагчыся скасавання дамовы.

“У прававой дзяржаве магла бы скласціся прававая калізія. Адзін суд скасоўвае абавязкі па дамове, а другі накладае штраф за іх несваечасовае выкананне”, - адзначыў Юры Губарэвіч.

Крыніца: Суд пакінуў у сіле штрафы для арганізатараў Дня волі