У суботу 9 сакавіка ВКантакце была заблакаваная суполка Руху "Маці 328". Пра гэта паведаміла ў сябе на старонцы ў фэйсбуку адна з актывістак руху Ларыса Жыгарава. Блакаванне супала па часе з распаўсюджваннем у СМІ інфармацыі пра самагубства ў папраўчай калоніі № 22 "Ваўчыныя норы", піша былы палітвязень Мікалай Дзядок. Гэтая калонія вядомая тым, што там адбываюць пакаранне асуджаныя па "наркатычным" артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Інфармацыя пра магчымае самазабойства зняволенага з'явілася ў суполцы "Беларуская турма" раніцай 8 сакавіка.Суполка паведаміла, што павесіўся хлопец М. Р., які адбываў пакаранне ў 1-м атрадзе 3-цяй секцыі.

Адміністратары суполкі "Рух маці" звярнуліся да мадэратараў сацыяльнай сеткі за тлумачэннямі.

Праблема асуджаных па арт. 328 КК турбуе і праваабаронцаў. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта ў Віцебскай вобласці праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся да кіраўніка краіны, каб распаўсюдзілі меркаваную амністыю на асуджаных па арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных рэчываў). У прыватнасці — вызваліць тых, хто здзейсніў злачынства ў непаўналетнім узросце, і ўдвая скараціць тэрмін тым, хто ўчыніў яго ва ўзросце да 25 гадоў, паведамляе "Віцебская Вясна".

Праваабаронца ў звароце піша пра тое, што суды, якія выносяць такія прысуды, не тлумачаць, якімі прынцыпамі кіруюцца, якія мэты пераследуюць і што павінна здарыцца з маладымі людзьмі за такі доўгі тэрмін. Між тым, пакаранне, на думку Паўла Левінава, не павінен мець намер зняважыць чалавека, падавіць яго як асобу і разбурыць яго будучыню і будучыню яго сям'і.

Суполку "Маці 328" заблакавалі ВКантакце з-за суіцыду асуджанага ў калоніі?

Крыніца: Суполку "Маці 328" заблакавалі ВКантакце з-за суіцыду асуджанага ў калоніі?