Вячаслаў Сырыца і Аляксандр Вайцешык. Пракурор Мінскай вобласці Алег Лаўрахін апратэставаў у Мінскім абласным судзе рашэнне суда Нясвіжскага раёна, які яшчэ ў жніўні 2018 года абавязаў старшыню агракамбіната “Сноў” аплаціць кампенсацыю ветэрану працы Сырыцы, а таксама вярнуць яму званне Ганаровага працаўніка. Жнівеньскае рашэнне адменена, а справа накіравана на новы разгляд іншым суддзёй. Пра гэта стала вядома правабааронцы Сяргею Гоўшы.

Гісторыя вакол кіроўцы-экспедытара СПК «Агракамбінат «Сноў» Вячаслава Сырыцы цягнецца ўжо 10 месяцаў. Нагадаем падрабязнасці справы. Вячаслаў Сырыца – ад самага пачатку стварэння СПК «Агракамбінат «Сноў» працаваў на розных працах, апошнія гады –  кіроўцам-экспедытарам, развозіў па розных крамах Беларусі прадукцыю СПК, лічыўся адным з лепшых работнікаў, меў шмат узнагарод, прэмій, быў абраны сябрам праўлення, яму было прысвоена званне «Ганаровы Работнік». За ўсе гэтыя гады Вячаслаў Сырыца не меў ніводнай заўвагі.

На пенсію выйшаў у 2006 годзе, але была магчымасць працаваць і далей. І вось… вясной 2018 года раптоўна, раніцаю на пасяджэнні праўлення Сырыцы аб’яўляюць аб тым, што ён прыцягнуты да дысцыплінарнага і матэрыяльнага пакарання, а таксама пазбаўлены рознай матэрыяльнай дапамогі (надбавак, даплат і інш.), выведзены са складу праўлення і пазбаўлены звання «Ганаровы Работнік».

Як потым стала вядома, кантрольныя прыборы паказалі часовы перарасход паліва падчас адной з паездак. Машына, на якой працаваў Вячаслаў старая, дык усё магло быць. Машыну ніхто з механікаў па прыезду не аглядаў, Сырыцу ніхто не апытаў, у чым справа,  але вынік чамусьці зрабілі тэрміновы - скраў паліва ў колькасці прыкладна 5-ці літраў. Без ніякіх доказаў. І нават копію рашэння праўлення пасаромеліся яму выдаць.

Ашаломлены такімі падзеямі Вячаслаў Сырыца звярнуўся па дапамогу да баранавіцкіх праваабаронцаў Сяргея Гоўшы і Аляксандра Вайцешыка, якія аказалі яму неабходную прававую дапамогу і дапамаглі скласці іскавую заяву ў суд Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці і абаранялі яго ў судзе. У выніку суд быў выіграны - суддзя прызнаў рашэнне праўлення СПК “АК Сноў” несапраўдным і пастанавіў адмяніць накладзеныя спагнанні. 

Зараз, пасля новага рашэння Мінаблсуду, Вячаслаў Сырыцы накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд з просьбай адмяніць рашэнне ніжэйстаячай інстанцыі.

Крыніца: Пракуратура не пажадала мірыцца з выйгранай праваабаронцамі справай