"Я вызначаю прыватнасць як імкненне людзей свабодна выбіраць, пры якіх умовах і да якіх межаў яны будуць выстаўляць напаказ сябе, свае перакананні і дзеянні" Алан Ф. Уэсцін, юрыст, палітолаг, аўтар кнігі "Прыватнасць і свабода"

Права на павагу прыватнага і сямейнага жыцця – або, як яго часта называюць, права на прыватнасць – мае вельмі шмат аспектаў. Гэта нядзіўна, бо асабістае жыццё чалавека з’яўляецца надзвычай шматгранным, і кожная ягоная праява мае патрэбу ў абароне ад умяшанняў.

Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы”, гэтым разам распавядаем пра права на прыватнасць у прававым лікбезе ад “Вясны”.

Што такое прыватнасць?

Прыватнасць - гэта недатыкальнасць прыватнага жыцця, якая забяспечваецца правам чалавека на абарону асабістага жыцця.

Сучасная канцэпцыя права на прыватнасць выходзіць ахоплівае шырокі спектр канкрэтных індывідуальных правоў чалавека як аўтаномнай асобы. Гэта непазбежна цягне за сабой праблему балансу паміж інтарэсамі асобнай асобы ў захаванні аўтаномнасці свайго жыцця, без чаго ў прынцыпе немагчымая пазітыўная свабода чалавека, і канкуруючымі інтарэсамі грамадства, і ў прыватнасці, свабодай інфармацыі.

Якія сферы ахоплівае права на прыватнасць?

Права на прыватнасць ўключае:

  • забарона на збор, захоўванне, выкарыстанне і распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці асобы без яе згоды;
  • права кантраляваць інфармацыю пра сябе;
  • права на абарону гонару і добрага імя;
  • права на абарону персанальных дадзеных;
  • права на таямніцу сувязі;
  • права на недатыкальнасць жылля;
  • медычную таямніцу, тайну ўсынаўлення, таямніцу споведзі і іншыя віды прафесійнай таямніцы.

Агулам, сёння стандарты права на прыватнасць ахопліваюць і жыллё, і камунікацыі, асабістыя рэчы і цела чалавека, а таксама адносіны паміж партнёрамі і ўзаемаадносіны дзяцей і бацькоў.

"Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць".

Артыкул 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Але ўсю гэтую разнастайнасць, можна звесці да трапнага выразу амерыканскага суддзі Томаса Кулея:

Па якім шляху ішло станаўленне права на прыватнасць?

Першай вехай на шляху станаўлення права на прыватнасць была недатыкальнасць жылля чалавека, якая была замацаваная ў англійскім праве яшчэ ў XVII стагоддзі. У справаздачы брытанскага парламента 1763 года можна знайсці такія выдатныя словы:

“Самы бедны чалавек можа абвясціць непадпарадкаванне ўладзе кароны, знаходзячыся ў сценах уласнай хаціны. Яна можа быць развалінай з дахам, што ўздрыгвае ад ветру і скразнякоў, у яе можа ўварвацца бура і дождж, але кароль Англіі ў яе ўварвацца не можа. Уся яго сіла заканчваецца ля парога старога жылля”.

У перыяд буржуазных рывалюцый гэтае права было гарантаванае канстытуцыямі шэрагу еўрапейскіх краін і папраўкамі да канстытуцыі ЗША. А пасля Другой сусветнай вайны права на прыватнасць было замацаванае ў большасці асноўных міжнародных пагадненняў у галіне правоў чалавека (напрыклад, арт. 12 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

А як сёння абараняецца недатыкальнасць жылля?

Сёння, паводле стандартаў права на прыватнась, кожны чалавек можа разлічваць на абарону ад уварвання не толькі ў жыллё, якім ён валодае на правах уласнасці, але і ў памяшканні, якія ён займае часова, напрыклад нумар у гатэлі або купэ цягніка. Акрамя гэтага, парушэннем недатыкальнасці жылля лічацца і такія дзеянні ўладаў, у выніку якіх істотна пагаршаецца якасць жыцця людзей.

“Недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў грамадзян гарантуецца. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё i iншае законнае ўладанне грамадзянiна супраць яго волi”.

Артыкул 29 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Што права на прыватнасць павінна забяспечваць чалавеку?

З часам уяўленне аб межах свабоды асабістага і сямейнага жыцця істотна пашырылася. З тых часоў як у 1890 годзе вядомыя амерыканскія правазнаўцы Самюэль Уорэн і Луіс Брэндэйс апублікавалі артыкул “Права на прыватнасць”, юрысты не перастаюць спрачацца аб тым, што яно азначае. Прагрэс і змяненне класавай структуры грамадства прынеслі разуменне таго, што прыватнасць не абмяжоўваецца недатыкальнасцю жылля.

А што наконт забароны збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю пра асобу?

Яшчэ адным важным аспектам права на прыватнасць з’яўляецца забарона збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю пра асобу без яе на тое згоды. Гэта азначае, што ніхто не мае права распаўсюджваць інфармацыю пра нас, якую мы не хочам рабіць публічнай: нашы адносіны з іншымі людьмі, стан нашага здароўя, фотаздымкі і асабістыя выказванні, банкаўская інфармацыя або прафесійныя таямніцы. Упершыню ўвага да гэтага аспекту права на прыватнасць была прыцягнутая на пачатку ХХ стагоддзя – у 1902 годзе амерыканская кампанія Rochester Folding-Box Company выпусціла некалькі тысяч рэкламных улётак, на якіх быа фатаграфія дзяўчыны – міс Робертсан.

Дзяўчына не давала згоды на выкарыстанне гэтага здымку і, каб абараніць сябе, была вымушаная звярнуцца ў суд. Суд прызнаў парушэнне, і ў выніку ў штаце Нью-Ёрк быў прыняты закон, які пастанаўляў, што “любая асоба, фірма ці карпарацыя, якія ў рэкламных або камерцыйных мэтах выкарыстоўваюць імя або асобу якога-небудзь жывога на цяперашні момант чалавека без яго згоды, учыняюць злачынства”.

 Іншы прыклад - справа "Z супраць Фінляндыі".

Якія яшчэ аспекты жыцця ўваходзяць пад абарону?

Акрамя гэтага, мы маем права атрымліваць інфармацыю, якую збіраюць пра нас упаўнаважаныя дзяржаўныя органы.

Права на прыватнасць абараняе і фізічную цэласнасць чалавека. Гэта азначае, што ніхто не мае права прычыняць нам цялесныя пашкоджані, а абавязкам дзяржавы з’яўляецца заканадаўча забараніць такія дзеянні і стварыць дзейсныя механізмы расследавання і пакарання для тых, хто парушае гэтую забарону. Гэта азначае і тое, што ні над адным чалавека без ягонай згоды не могуць праводзіцца медыцынскія маніпуляцыі або эксперыменты з ягоным целам. Гэтая забарона распаўсюджваецца на медыцынскія агляды, аналізы і аператыўнае ўмяшальніцтва, акрамя выпадкаў, калі гаворка ідзе пра пагрозу жыццю або непапраўную шкоду здароўю чалавека, пры ўмове, што атрымаць згоду чалавека няма магчымасці.

Права на павагу сямейнага жыцця абараняе адносіны паміж партнёрамі (найперш у шлюбе). Дзяржава не можа ўмешвацца ва ўзаемаадносіны паміж людзьмі, перашкаджаць наладжваць і падтрымліваць асабістыя адносіны.

Таксама ў кантэксце права на прыватнасць абароне падлягаюць ўзаемаадносіны дзяцей і іх біялагічных бацькоў. Дзяржава павінна рабіць усё неабходнае дзеля таго, каб захаваць такія адносіны, і можа ўмяшацца ў іх толькі ў выпадках, калі яны нясуць рэальную небяспеку.

Права на прыватнасць абараняе такія аспекты самаідэнтыфікацыі чалавека, як імя і гендар (сацыяльны пол). Яшчэ ў 1992 годзе Еўрапейскі суд прызнаў парушэннем адмову французскіх уладаў унесці змены ў пасведчанне аб нараджэнні спадарыні Б, якая пры нараджэнні была зарэгістраваная як дзіця мужчынскага полу, а ў сталым узросце зраіла аперацыю па карэкцыі полу.

Ці ўсе аднолькава абароненыя ад замаху на прыватнасць асабістага жыцця?

Аднак варта адзначыць, што не ўсе людзі аднолькава абароненыя гэтым правам ад пільнай увагі грамадства.

Калі чалавек з’яўляецца публічным палітыкам, членам урада або дэпутатам парламента ці займае дзяржаўную пасаду, ён валодае меншым “інфармацыйным імунітэтам”, чым большасць з нас, і прэса мае права распаўсюджваць больш асабістай інфармацыі пра такіх публічных людзей.

Адказ на пытанне “чаму так” вельмі просты: калі ад рашэнняў і ўчынкаў асобы залежыць лёс многіх людзей, грамадства мае права больш ведаць пра такога чалавека. Публічныя асобы вымушаныя прымаць крытыку з боку грамадства.

Якое ўмяшацельства ў прыватнае жыццё з’яўляецца легітымным?

Пранікненне ў жыллё або ўмяшанне ў карэспандэнцыю (праслухоўванне тэлефонных размоваў, чытанне лістоў, электронных і смс-паведамлянняў) з мэтай раскрыцця крымінальных злачынстваў могуць быць прызнаныя легітымным абмежаваннем права на прыватнасць. Але дзяржава павінна мець сур’ёзныя і абгрунтаваныя падставы для такога ўмяшання ў асабістае жыццё чалавека. Яно павінна быць законным і строга рэгламентаваным.

Праваахоўныя органы ва ўсе часы і ва ўсіх краінах былі схільныя злоўжываць сваімі паўнамоцтвамі, і таму дзеля папярэджання парушэняў, у тым ліку права на прыватнасць, грамадства павінна пастаянна і пільна сачыць за дзеяннямі міліцыі, пракуратуру і службы бяспекі.

Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасцьПрынцыпы правоў чалавекаСалідарнасцьНедыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццё, Смяротнае пакаранне ў Беларусі і Вяршэнства права.

Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.

Крыніца: Кожны мае права: Прыватнасць