Тамара Шчапёткіна ў судзе. Фота "Радыё Рацыя" Чарговая касацыйная скарга журналісткі-фрылансера Тамары Шчапёткінай з Бярозы не задаволена, а рашэнне Баранавіцкага суда не змененае, паведамляе "Радыё Рацыя".

Журналістка абскарджвала рашэнне суддзі Баранавіцкага раённага суда Юльяны Шчэрбы, якая пакарала Тамару за падрыхтоўку матэрыялаў для "Радыё Рацыя" - "Васіль Дубейка: нашы бізнэсмены не сталі мецэнатамі" і "Музей-сядзіба А.Міцкевіча ў Завоссі". Пасля кароткіх паясненняў журналісткі ў судзе пра сфальсіфікаваныя пратаколы і пра тое, што суды і штрафы – гэта ні больш ні менш яе пераслед, які сыходзіць ад спецслужбаў, суддзя Аляксандр Саўчук без секунды сумневу зачытаў рашэнне: "Акалічнасць здзяйснення правапарушэння судом выяўлена цалкам. Падстаў для змены пастановы, пра якую згадваецца ў скарзе, няма". 

Суддзя Аляксандр Саўчук. Фота

Рашэнне суддзі Саўчука, які вёў папярэдні працэс Шчапёткінай, выклікала дружнае абурэнне ў прысутных:

"Ну прадажныя нашыя суды. Гэта ўсё даказана".

"Суд кан’юктурны. Суд вынес рашэнне на выснове падробленых пратаколаў".

"У нас ні суд, ні міліцыя не абараняе народ, справядлівасць, закон, а абараняе ўладу".

"Міліцыянты дзейнічаюць метадамі энкавэдыстаў – фальсіфіцыруюць пратаколы, а суд гэта прымае".   

Журналістка скептычна аднеслася да прапановы суддзі абскардзіць рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях Беларусі і аб’явіла, што звернецца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Крыніца: Касацыйная скарга журналісткі-фрылансера Тамары Шчапёткінай не задаволена