Старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі, намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і кіраўнік парламенцкага камітэту Сойму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс. На паседжанні Камітэта па прававых пытаннях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якое адбылося 10 кастрычніка ў Страсбургу, разглядаўся шэраг бягучых пытанняў. Адна з тэм была прысвечаная Сусветнаму дню супраць смяротнага пакарання. У абмеркаванні праблемы са смяротным пакараннем у Беларусі выступілі старшыня камісіі па міжнародных справах Нацыянальнага сходу Валерый Варанецкі і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Кіраўнік парламенцкай камісіі традыцыйна адзначыў складанасць пытання з адменай смяротнага пакарання, казаў што Беларусь прыйдзе да яго адмены паступова. Ён таксама нагадаў аб выніках рэферэндуму, калі большасць грамадзян выказалася за захаванне смяротнай кары, спаслаўся на паступовыя змены грамадскай думкі, нагадаўшы, што  52 % грамадзян выказваюцца “за” смяротнае пакаранне.

Валянцін Стэфановіч у сваім выступе даў інфармацыю аб апошніх смяротных прысудах, якія былі вынесеныя ў студзені гэтага года і аб прывядзеннні ў выкананне прысудаў у траўні, спыніўся на некаторых праблемных момантах, якія пастаянна крытыкуюць праваабаронцы. Гэта абстаноўка сакрэтнасці, нявыдача целаў растраляных сваякам, праблема вынясення смяротных прысудаў Вярхоўным судом, якія немагчыма абскардзіць у парадку апеляцыі, хуткае прывядзенне прысуду ў выкананне, у сярэднім напрацягу года, а то і трох месяцаў.

“У гэты Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, я, як грамадзянін Беларусі асабіста і як прадстаўнік грамадзянскай супольнасці, заклікаю у чарговы раз улады Беларусі да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, паколькі гэта ў першую чаргу адпавядае інтарэсам нашага беларускага грамадства” – завяршыў свой выступ Валянцін Стэфановіч. 

Супрацоўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Юлія Уанон
Супрацоўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Юлія Уанон

На паседжанні Камітэта былі прадстаўлены апошнія сумесныя даклады праваабаронцаў “Вясны” і Міжнароднай федерацыі за правы чалавека (FIDH) “Смяротнае пакаранне у Беларусі: забойствы на (не) законных падставах” і “Беларусь: кантроль над адвакатамі – пагроза правам чалавека”.

Крыніца: Валянцін Стэфановіч з трыбуны ПАСЕ заклікаў увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі