Валанцёры ПЦ “Вясна” атрымалі адказы з Дэпартаменту выканання пакаранняў і ад адміністрацыі папраўчай калоніі №2 на свае скаргі на неперадачу лістоў і паштовак палітзняволенаму Дзмітрыю Паліенка.  Так, на прыканцы снежня 2017 года больш за 150 віншавальных паштовак было падпісана валанцёрамі “Вясны”, сацыяльнымі актывістамі і неабыякавымі, аднак, як стала вядома з пазнейшых лістоў Дзмітрыя Паліенкі, ніводная паштоўка так і не дайшла да адрасата.

У сваіх скаргах у розныя дзяржаўныя органы заяўнікі звярталі ўвагу на тое, што калі карэспандэнцыю не могуць перадаць асуджанаму, то пра гэта яму аб’яўляецца і толькі потым такая карэспандэнцыя знішчаецца (п.143 Пастановы МУС “Аб зацвярджанні правілаў унутранага распарадку папраўчых установаў).

Пры гэтым адрасанты ўпэўненыя, што нічога забароненага ў паштоўках не было, а Дзмітрыю Паліенку не аб’яўлялі аб знішчэнні адрасаванай яму карэспандэнцыі.

Заяўнікі палічылі, што адміністрацыя калоніі не перадала віншавальныя паштоўкі з мэтай аказання ціску на палітвязня і ў звязку з дыскрымінацыйным стаўленнем да яго, паколькі за яго вызваленне выступаюць шматлікія людзі і арганізацыі, у тым ліку найбуйнейшая міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Таму, валанцёры “Вясны” прасілі правесці па іх скаргах праверку, перадаць усю накіраваную карэспандэнцую Дзмітрыю Паліенку, а вінаватых асобаў прыцягнуць да адказнасці за неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў.

І вось прыйшлі першыя адказы на скаргі. Начальнік папраўчай калоніі №2 г. Бабруйска Ю. Трутко сцвярджае, што “згодна з улікам уваходнай і выходнай карэспандэнцыі асуджаных ПК №2, у перыяд часу з 1 снежня 2017 года па 8 лютага 2018 года асуджанаму Паліенка Д.А. паштоўкі не паступалі. Фактаў канфіскацыі супрацоўнікамі ПК №2 карэспандэнцыі адрасаванай асуджанаму Паліенка Д.А. не зарэгістравана. Адміністрацыя ПК №2 не абмяжоўвае Паліенку Д.А. у атрыманні і адпраўленні паштовак”.

Амаль аналагічны адказ напісаў і начальнік упраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці Ю. Талкачоў, якому ў тым ліку перанакіравала скаргу Пракуратура па Магілёўскай вобласці. Ён падкрэсліў, што ва ўласнаручным тлумачэнні асуджаны Дзмітрый Паліенка паказаў, што віншавальныя паштоўкі ў гэты перыяд часу ён не атрымліваў. Прэтэнзій да адміністрацыі калоніі па адпраўцы і атрыманні карэспандэнцыі ён не мае. Таксама, ДВП парушэнняў у дзеяннях адміністрацыі ВК №2 не ўстанавіў.

Валанцёрка “Вясны” Анісія Казлюк, якая даслала палітвязню тры паштоўкі, абураная такімі адказамі і падкрэслівае:

“Гэта вельмі дзіўная сітуацыя. Я насамрэч, чакала любога адказу, але не такога. Як мінімум, наконт двух паштовак я дакладна ўпэўнена, што яны павінны былі дайсці. Магчыма гэта звязана з іх знешнім выглядам: на некаторых была выява Дзімы з надпісам #Free_Polienko, і з жаданнем ціснуць на зняволенага, робячы выгляд, што да яго нікому няма справы і што пра яго забылі”.

Цяпер валанцёры “Вясны” збіраюцца даслаць скаргу ў белпошту, далучыўшы да яе фоты капэртаў перад адпраўкай, а таксама звярнуцца да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў.

Нагадаем, Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Зміцер Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

Крыніца: Адміністрацыя калоніі: Дзмітрый Паліенка не абмежаваны ў атрыманні і адпраўленні паштовак